Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прысвоіў званьне Героя Расеі дэпутату Дзярждумы Дэлімханаву, які «зачышчаў Марыюпаль» і згадваўся ў справе аб забойстве Нямцова


Герой Расеі Адам Дэлімханаў (зьлева) падазраваўся ўладамі ААЭ у арганізацыі забойства Героя Расеі Суліма Ямадаева (справа). Архіўнае фота.
Герой Расеі Адам Дэлімханаў (зьлева) падазраваўся ўладамі ААЭ у арганізацыі забойства Героя Расеі Суліма Ямадаева (справа). Архіўнае фота.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прысвоіў званьне Героя Расеі дэпутату Дзярждумы Адаму Дэлімханаву за ўдзел у вайне ва Ўкраіне.

Указ апублікаваны на партале прававой інфармацыі.

Дэлімханаў зьяўляўся на відэазапісах чачэнскіх вайскоўцаў і расгвардзейцаў, у тым ліку пра напад расейскай арміі на Марыюпаль.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў 27 сакавіка заяўляў, што Дэлімханаў кіруе чачэнскімі вайскоўцамі, якія «зачышчаюць Марыюпаль ад злачынных элемэнтаў». 21 красавіка Дэлімханаў на фоне палаючага будынка абвясьціў, што загад Кадырава і Пуціна аб «зачыстцы» гораду выкананы.

Дэлімханаў — брат кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава ў трэцяй стрэчы (чацьвераюрадны) і лічыцца адным зь яго найбліжэйшых паплечнікаў. Раней яго імя зьвязвалі з арганізацыяй забойства іншага Героя Расеі — Суліма Ямадаева.

Партал «Медиазона» і грамадзкі антыкарупцыйны праект Scanner Project у сумесным расьсьледаваньні аб магчымых саўдзельніках забойства расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова згадвалі імя Дэлімханава. Паводле іх зьвестак, у дзень забойства Нямцова Асланбек Хатаеў і Руслан Герэмееў — яшчэ адзін ключавы ўдзельнік групы — тэлефанавалі самі і атрымлівалі званкі ад члена Савету Фэдэрацыі Сулеймана Герэмеева і Адама Дэлімханава.

У лютым 2022 году Дэлімханаў абяцаў «адрэзаць галовы» членам сямʼі праваабаронцы Абубакара Янгулбаева і заявіў аб крэўнай помсьце. У тым жа месяцы праваахоўныя органы Турэччыны абвінавацілі яго ў датычнасьці да спробы арганізацыі забойстваў чачэнскіх апазыцыянэраў, якія жывуць у краіне.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG