На ім сярод іншага публікавалася інфармацыя аб перамяшчэньнях расейскай ваеннай тэхнікі і расьсьледаваньне аб адпраўцы расейскімі вайскоўцамі пасылак зь беларускага Мазыра ў гарады Расеі праз сэрвіс СДЭК. Аб гэтым паведамляе сам сайт.
Як сказана на сайце ведамства, прычынай блякаваньня паслужыла рашэньне Генэральнай пракуратуры Расеі ад 25 сакавіка. Падставай для рашэньня стала, на думку пракуратуры, парушэньне артыкула 15/03 расейскага Фэдэральнага закону «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналёгіях і аб абароне інфармацыі».
Гэта азначае, што, паводле ведамства, сайт зьмяшчае інфармацыю з заклікамі да масавых беспарадкаў, экстрэмісцкай дзейнасьці або недакладную грамадзка значную інфармацыю, якая стварае пагрозу для жыцьця або здароўя грамадзян, або яго зьмест нясе пагрозу для грамадзкай бясьпекі, або стварае перашкоды функцыянаваньню аб’ектаў інфраструктуры.
Паводле інфармацыі праекту «Роскомсвобода», motolko.help заблякаваны ў Расеі 6 красавіка.
На заблякаваным рэсурсе сярод іншага было апублікавана расьсьледаваньне яшчэ аднаго праекту актывіста Антона Матолькі «Беларускі Гаюн», у якім сьцьвярджалася, што расейскія вайскоўцы адправілі з Мазыра за адзін дзень больш за дзьве тоны рэчаў у розныя гарады Расеі.
Журналісты меркавалі, што пасланыя вайскоўцамі рэчы нарабаваныя ў дамах украінцаў у гарадах, якія былі пад расейскай акупацыяй. Незалежна гэтую інфармацыю ва ўмовах ваеннага часу праверыць пакуль немагчыма.
Паводле расьсьледнікаў, пасылкі адпраўлялі ў Рубцоўск і Гарняк (Алтайскі край), Ангарск (Іркуцкая вобласьць), Жалезнагорск (Краснаярскі край), Усурыйск (Прыморскі край), Ульянаўск, Омск, Новасібірск, Чыту (Забайкальскі край), у Яўрэйскую аўтаномную вобласьць, а таксама ў Маскву. Сукупна ў пасылках было:
- 1725 кіляграмаў інструмэнтаў,
- 395 кіляграмаў запасных частак,
- розныя асабістыя рэчы — акустычныя калёнкі, стол, электрасамакат, вечка багажніка, намёты, тэлевізары, кандыцыянэры, алькаголь і адзеньне.
Найбольшая пасылка, якая пайшла ў Рубцоўск, важыла 450 кіляграмаў. У ёй былі інструмэнты, музычныя калёнкі, стол і намёт. Вага дзьвюх пасылак перавышала 200 кіляграмаў, і ні ў адной пасылцы не было менш за 50 кіляграмаў рэчаў.
Пазьней расейскі рэсурс «Медиазона» паведаміў, што дзьве траціны пасылак, адпраўленых расейскімі вайскоўцамі з беларускага Мазыра, зьніклі з базы СДЭК ці не былі ўручаныя.