Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць затрыманых у Беларусі артапэдаў-траўматолягаў дасягнула 35 спэцыялістаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Такая лічба прагучала на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 18 красавіка. Крымінальная справа супраць іх зьвязаная з пастаўкамі эндапратэзаў.

Нарада адбылася з удзелам міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, генэральнага пракурора Андрэя Шведа і кіраўніка КДБ Івана Тэртэля. Як паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого», галоўная тэма нарады — затрыманьні лекараў.

Лічба затрыманых — 35 чалавек. Такую статыстыку агучылі ўпершыню. Раней колькасьць затрыманых мэдыкаў ацэньвалася ў раёне 50 чалавек, але дакладных зьвестак ніхто не называў.

Лукашэнка на нарадзе заявіў, што нібыта ў некаторых артапэдаў-траўматолягаў «па 300-650 тысяч даляраў знайшлі дома». Ніякага пацьверджаньня гэтыя словы ня маюць.

Таксама на хабары, па словах Лукашэнкі, нібыта злавілі лекара, які абсьледаваў самога Лукашэнку.

Гэта першае прызнаньне ўладамі масавых арыштаў лекараў амаль за месяц пасьля першых выпадкаў. Лукашэнка назваў гэтыя арышты «апэрацыяй».

Першыя затрыманьні лекараў адбыліся 26 сакавіка. 13 красавіка зьявілася інфармацыя аб затрыманьні яшчэ трох чалавек. Паводле інфармацыі Zerkalo.io, артапэды праходзяць па артыкуле 430 Крымінальнага кодэксу «Атрыманьне хабару», а сама справа зьвязана з пастаўкамі эндапратэзаў.

Раней у інтэрвію Свабодзе каардынатар Беларускага Фонду мэдычнай салідарнасьці Рустам Айзатулін назваў дзеяньні сілавікоў «зайздрасьцю і паказушнай дзейнасьцю, накіраванай на тое, каб паказаць, што сілавы блёк у Беларусі ўсё яшчэ патрэбны».

«Раптам у Беларусі ўсе артапэды-траўматолягі чамусьці аказаліся карупцыянэрамі і нягоднікамі, хоць да гэтага прывяла сыстэма закупак Мінздароўя», — дадаў Айзатулін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG