Галоўнае на гэты момант
- Расейцы ў ноч на 17 красавіка абстралялі Севераданецк.
- Украінская чыгунка аднаўляе рух цягнікоў на Чарнігаўшчыну пасьля адступленьня расейскіх войскаў.
- ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне (паводле зьвестак на поўнач 14 красавіка) пацьверджаная гібель 1982 мірных жыхароў і раненьні 2651, рэальныя лічбы «значна вышэйшыя».
- З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне пацярпелі 560 дзіцяці: загінулі 200 дзяцей, 360 атрымалі раненьні.
- Мінабароны Расеі прызнала, што крэйсэр «Масква» затануў. Украінцы раней заявілі, што ўдарылі па расейскім ракетным крэйсэры «Масква» ракетамі «Нэптун», у Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што на «Маскве» ў выніку пажару здэтанаваў боезапас.
- Сябры Кангрэсу ЗША наведалі Кіеў і ваколіцы, якія пацярпелі ад расейскіх акупацыйных войскаў.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 17 красавіка
Расейскі абстрэл Харкава
Як мінімум 5 чалавек загінулі, падлічваецца шкода.
Дадзеныя прыводзяцца паводле папярэдніх зьвестак на 15.00, якія выданьню паведамілі ў Дэпартамэнце аховы здароўя абласной вайсковай адміністрацыі. На месцах абстрэлаў працуюць ратавальнікі.
У Харкаве зьнесьлі бюст савецкаму маршалу Жукаву
Украінскія вайскоўцы раніцай 17 красавіка прыбралі з плошчы бюст савецкага маршала.
На пастамэнце пасьля зносу напісалі «Слава Україні». Зносілі бюст пры дапамозе спэцтэхнікі.
Абстрэл Бравароў
Горад Бравары пад Кіевам быў абстраляны расейскімі войскамі. Пра гэта ў сваім відэазвароце паведаміў мэр Ігар Сапажок. Канкрэтныя аб'екты, куды пацэлілі ўдары, не называюцца ў рамках сакрэтнасьці.
«Могуць быць перабоі з электрычнасьцю, водазабесьпячэньнем, каналізацыяй. Усе сэрвісы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме», — сказаў мэр.
Дакладны памер шкоды Браварам ад чарговых абстрэлаў падлічваюцца.
Начны абстрэл Севераданецку
Чатыры будынкі загарэліся ў ноч на 17 красавіка пасьля расейскіх абстрэлаў гораду Севераданецк у Луганскай вобласьці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Інфармацыя пра ахвяраў удакладняецца, зафіксавана некалькі ўзгараньняў кватэр. Ратавальнікі выехалі на месцы абстрэлаў адразу пасьля іх прыпыненьня.
Большую частку жылога фонду Севераданецку расейцы зьнішчылі сваімі абстрэламі за апошнія паўтара месяцы, цяпер жа ўдары пацэлілі ў раней амаль не закранутыя ракетамі раёны.
Уцекачы ад вайны
Паводле зьвестак ААН, па стане на 15 красавіка больш за 5 мільёнаў чалавек пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны 24 лютага. У справаздачах Упраўленнья вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН і Міжнароднай арганізацыі ААН па міграцыі гаворыцца, што агулам Украіну пакінулі 4 790 000 украінцаў і каля 215 тысяч замежнікаў.
найбольш уцекачоў з Украіны выехалі ў Польшчу — звыш 2, 7 мільёна чалавек, на другім месцы Румынія — больш за 725 тысяч чалавек.
На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Расея ўвяла санкцыі супраць кангрэсмэнаў ЗША і сэнатараў Канады. Міністэрства замежных спраў Расеі 13 красавіка ўнесла ў чорны сьпіс 398 кангрэсмэнаў ЗША і 87 канадзкіх сэнатараў. Таксама Расея абвясьціла пэрсонай нон грата старшага дыплямата амбасады Чэхіі ў Маскве.
Пуцін падпісаў закон аб арыштах да 15 «сутак» за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»
Паводле гэтага артыкулу прадугледжанае пакараньне для фізычных асобаў — штраф да 2 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Для юрыдычных асобаў — штраф да 50 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні ім пагражае прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 сутак.
Расея забараніла ўезд кіраўніку ўраду і міністрам Вялікай Брытаніі
Забарона на ўезд у Расею распаўсюджваецца на 13 чалавек. У «чорны сьпіс» трапілі прэмʼер-міністар Борыс Джонсан, міністар замежных спраў Элізабэт Трас, міністар юстыцыі Дамінік Рааб, міністар абароны Бэн Уолес і яго намесьнік, экс-прэмʼер, дэпутат парлямэнту Тэрэза Мэй, кіраўнікі МУС, Міністэрства фінансаў, транспарту і іншых міністрэстваў.
ФСБ просіць павялічыць дзяржвыдаткі на пахаваньне расейскіх вайскоўцаў
Фэдэральная служба бясьпекі РФ папрасіла ўрад павялічыць на 17% выдаткі на пахаваньне і надмагільлі для вайскоўцаў. Пры гэтым якім будзе канчатковы рахунак для падаткаплатнікаў — невядома, невядомая і колькасьць загінулых салдат. Зыходзячы з прадстаўленага ФСБ праекту рашэньня ўраду, кампэнсацыя выдаткаў на пахаваньне аднаго загінулага на вайсковай службе вырасьце на 7800–11 000 расейскіх рублёў (95–135 даляраў), у залежнасьці ад яго статусу і месца пахаваньня.
Апошнія дадзеныя пра загінулых Мінабароны падало 25 сакавіка: 1351 чалавек. Па вэрсіі ўкраінскага боку, загінулых расейскіх вайскоўцаў на парадак больш.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Лясы на поўдні пад забаронай
Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.
Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хойніках.
Як рэагуе сьвет
Баўгарыя далучылася да краін, якія забаранілі заход у свае порты расейскім караблям
Выключэньні будуць зроблены толькі для суднаў, якія церпяць бедзтва або маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, а таксама для суднаў, якія перавозяць энэрганосьбіты, прадукты харчаваньня і лекі ў краіны Эўразьвязу.
Францыя перадасьць Украіне 24 пажарныя машыны, хуткія дапамогі і 50 тон ратавальнага абсталяваньня
Пра гэта 15 красавіка паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Макрон напісаў у Twitter, што запэўніў Зяленскага ў салідарнасьці Парыжа і гатоўнасьці дапамагаць завяршыць вайну. Таксама нагадаў, што Францыя надала Ўкраіне ваенную дапамогу больш як на 100 млн эўра.
ААН: Вайна ва Ўкраіне пагражае голадам адной пятай чалавецтва
«Вайна ва Ўкраіне можа адкінуць больш як пятую частку чалавецтва за рысу беднасьці, галечы і голаду ў маштабах, якіх ня бачылі дзесяцігодзьдзямі», — заявіў генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антонію Гутэрыш 14 красавіка.