Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: 18-гадовы Давід Збаранскі ажаніўся ў калёніі, вызвалілі палітвязьняў Уладзімера Яроменка і Максіма Куксачэнку

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Турма ў Бабруйску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Турма ў Бабруйску

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 16 красавіка афіцыйна прызнаў палітвязьнямі ў Беларусі 1131 чалавека. Іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што іх колькасьць значна большая. Свабода працягвае сачыць за лёсамі палітвязьняў

Палітзьняволены берасьцеец Давід Збаранскі ажаніўся ў калёніі

Як стала вядома берасьцейскай«Вясьне», 18-гадовы Давід Збаранскі 13 красавіка ажаніўся ў бабруйскай калёніі. Цяперашнюю жоку Давіда завуць Аліна, яны пазнаёміліся яшчэ да яго трапляньня ў няволю, а прапанову палітвязень зрабіў ёй падчас іх спатканьня ў СІЗА (дзе давялося размаўляць праз шкло і тэлефон, а побач спаткаліся яшчэ 6 чалавек і назіраў супрацоўнік ізалятару).

Давіда затрымалі 30 лістапада 2020 году. Яго асудзілі да 3 гадоў калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году (суд палічыў падзеі таго дня ў Берасьці «масавымі беспарадкамі» і асудзіў Давіда па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). На момант затрыманьня хлопцу было 17 гадоў.

26 красавіка Давід адзначыць свой Дзень народзінаў, яму споўніцца 19 гадоў.

Палітвязень Уладзімер Яроменак — на волі

Палітвязень Уладзімер Яроменак выйшаў зь СІЗА № 1 на Валадарскага, паведаміла 16 красавіка жонка Зьмітра Дашкевіча Наста ў Фэйсбуку.

Уладзімера Яроменка затрымалі 23 сакавіка 2022 году нібыта за выраб і распаўсюд бел-чырвона-белай сымболікі. Спачатку Яроменку прысудзілі адміністрацыйны арышт, а потым перазатрымалі па крымінальнай справе аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Паведамлялася, што ён нібыта перадаваў бел-чырвона-белыя сьцягі «лідарам экстрэмісцкіх ячэек», сярод якіх названы Зьміцер Дашкевіч. Сам Зьміцер працягвае знаходзіцца ў няволі, яго перавялі ў СІЗА №1.

Уладзімер Яроменак — былы актывіст «Маладога фронту». У 2011 годзе яго асудзілі да 3 гадоў калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Непаўнагадовы палітвязень Максім Куксачэнка выйшаў на волю

17-гадовага Максіма Куксачэнку затрымалі за падзеі 11 жніўня 2020 году ў Мазыры.

14 студзеня 2022 году яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) на 1,5 года выхаваўчай каленіі.

Сёньня праваабаронцам стала вядома, што Максім выйшаў на волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG