Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Сусьветнай фэдэрацыі прафсаюзаў IndustriALL заклікаў Менск спыніць рэпрэсіі супраць прафсаюзаў


Cупольная місія Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL падчас сустрэчы ў Міністэрстве працы ў Менску, красавік 2018
Cупольная місія Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL падчас сустрэчы ў Міністэрстве працы ў Менску, красавік 2018

Генэральны сакратар Сусьветнай фэдэрацыі прафсаюзаў IndustriALL Атле Гёе заклікаў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі супраць прафсаюзаў.

Тэкст ліста, адрасаванага кіраўніку адміністрацыі Ігару Сергеенку, разьмешчаны на старонцы арганізацыі ў Твітэры.

IndustriALL заклікае ўлады ў Менску выключыць Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) са сьпісу «экстрэмісцкіх фармаваньняў» і дазволіць яму ажыцьцяўляць прафсаюзную дзейнасьць.

«Беларусь ідзе па аблудным шляху, прыгнятаючы свае дэмакратычныя працоўныя арганізацыі і тым самым парушаючы свае міжнародныя абавязаньні, у тым ліку ратыфікаваную Беларусьсю Канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) № 87 аб свабодзе асацыяцыяў і абароне права на арганізацыю», — зазначаецца ў дакумэнце.

  • РЭП быў створаны ў лістападзе 1990 году і ўвайшоў у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Выйшаў адтуль у 2003 годзе. У 2009 годзе арганізацыя ўступіла ў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Мае структуры ў 28 раённых цэнтрах, ва ўсіх абласьцях і Менску.
  • Прафсаюз уваходзіць у IndustriALL. Арганізацыя была адным з ініцыятараў зваротаў у МАП у сувязі з парушэньнем правоў працоўных і прафсаюзаў у Беларусі. Выканаўцай абавязкаў старшыні прафсаюзу ёсьць Зінаіда Міхнюк. Яе затрымалі 25 сакавіка ў Берасьці.

Да лістапада 2018 году РЭП узначальваў Генадзь Фядыніч. У жніўні таго ж году Фядыніч і галоўны бухгальтар арганізацыі Ігар Комлік атрымалі чатыры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле абвінавачаньня ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У 2019 годзе тэрмін ім скарацілі на адзін год паводле амністыі.

IndustriALL прадстаўляе інтарэсы 50 млн работнікаў у 140 краінах — у горназдабыўной, энэргетычнай і перапрацоўчых галінах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG