Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўнесьлі 7 беларускіх самалётаў у сьпіс парушальнікаў мераў экспартнага кантролю


14 красавіка Міністэрства гандлю ЗША выявіла 10 дадатковых самалётаў, якія, імаверна, парушаюць экспартны кантроль ЗША.

Сярод іх 7 камэрцыйных самалётаў, якія належаць або эксплуатуюцца беларускай авіякампаніяй «Белавія», яшчэ два з парку кампаніі Utair і адзін — «Аэрофлота», паведамляецца на сайце ведамства.

У сьпіс самалётаў, экспартаваных у Беларусь і Расею зь яўным парушэньнем экспартнага кантролю ЗША, цяпер уваходзяць 153 самалёты, зь якіх 146 належаць Расеі, а 7 — Беларусі.

У дачыненьні да іх забароненыя запраўка палівам, тэхнічнае абслугоўваньне, рамонт, а таксама прадастаўленьне запасных частак або паслуг. Прадугледжваецца, што абмежаваньні фактычна павінны адхіліць самалёты ад выкананьня міжнародных рэйсаў.

Гэтым разам, акрамя даданьня ў сьпіс новых самалётаў, зьмененыя бартавыя нумары 32 самалётаў, ужо ўключаных у сьпіс, з улікам меркаванай перарэгістрацыі самалётаў у Расеі. У той жа час Бюро прамысловасьці і бясьпекі Мінгандлю ЗША дазволіла вылет з Расеі двум самалётам і яны будуць выключаны са сьпісу.

Мінгандлю ЗША падкрэсьлівае, што для любой формы абслугоўваньня гэтых самалётаў патрабуецца дазвол, адсутнасьць такога дазволу пагражае санкцыямі, якія могуць уключаць у сябе турэмнае зьняволеньне, штрафы, пазбаўленьне экспартных прывілеяў ці іншыя абмежаваньні.

З канца лютага для Расеі, а з пачатку сакавіка і для Беларусі былі пашыраныя санкцыі ЗША на тэхналягічны сэктар. У тым ліку любы самалёт, выпушчаны для гэтых краін у ЗША ці іншай дзяржаве з выкарыстаньнем больш за 25% кампанэнтаў амэрыканскай вытворчасьці, падлягае ліцэнзаваньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG