Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр найстарэшы дзяяч беларускай дыяспары ў Францыі Лявон Шыманец


Лявон Шыманец, Парыж, 1991 год.
Лявон Шыманец, Парыж, 1991 год.

На 85-м годзе жыцьця памёр дзеяч беларускай дыяспары ў Францыі Лявон Шыманец.

Лявон Шыманец нарадзіўся 8 траўня 1937 году ў Стоўпцах, у сям’і Ўладзімера і Эвэліны Шыманцоў. Пасьля Другой сусьветнай вайны сям’я пераехала спачатку ў Данію, а затым у Францыю.

Сям'я Шыманцоў у Даніі - бацькі Эвэліна і Ўладзімер, дзеці Івонка і Лявон. 1946 год.
Сям'я Шыманцоў у Даніі - бацькі Эвэліна і Ўладзімер, дзеці Івонка і Лявон. 1946 год.

Пра сям’ю Шыманцоў можна пачытаць у кнізе Івонкі Сурвілы «Дарога», якая выйшла двума выданьнямі ў «Бібліятэцы Свабоды».

У Парыжы Лявон Шыманец скончыў тэхнічную школу, працаваў у галіне авіяпрамысловасьці, мае шэраг вынаходак у галіне вайсковага авіябудаваньня.

Лявон Шыманец быў сябрам Рады БНР, шмат гадоў узначальваў згуртаваньне беларусаў Францыі «Хаўрус». На сустрэчах з францускімі палітыкамі ў 1970-1980 гады нязьменна зьвяртаў іх увагу на права беларускага народу мець уласную незалежную дзяржаву. Ён з натхненьнем успрыняў абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, у 1991 годзе быў адным з заснавальнікаў таварыства «Беларусь — Францыя». У першай палове 90-х гадоў узначальваў офіс ЭЗ у Беларусі ў галіне энэргазьберажэньня.

Сям’я, да якой належаў Лявон Шыманец, шмат спрычынілася да беларускага нацыянальнага адраджэньня.

Ягоны бацька, Уладзімер Шыманец, быў міністрам фінансаў ва ўрадзе БНР пад старшынствам Міколы Абрамчыка. Старэйшая сястра Лявона Шыманца, Івонка Сурвіла — старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Дачка Вірджынія — арганізатар шэрагу беларускіх культурніцкіх праектаў, заснавальніца выдавецтва, у якім выйшлі кнігі па гісторыі Беларусі.

Лявон Шыманец на ўсталяваньні Пагоні на надмагільлі бацькі. 2011 год
Лявон Шыманец на ўсталяваньні Пагоні на надмагільлі бацькі. 2011 год

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG