Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад пачатку вайны — ніякіх лістоў, толькі ад блізкіх». Што новага ў палітвязьняў Судаленкі, Лосіка, Статкевіча


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

Сваякі заўважылі, што ад пачатку вайны ва Ўкраіне для беларускіх палітвязьняў пагоршыліся ўмовы ўтрыманьня. Ім не перадаюць лістоў, часам нават ад блізкіх людзей. Яны не атрымліваюць газэтаў, часам нават дзяржаўных.

Свабода пагутарыла зь некалькімі сваякамі палітвязьняў.

«Не дапускалі адваката, не перадаюць лістоў»

Праваабаронца Леанід Судаленка цяпер адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба-3». Да яго спрабавала трапіць адвакатка, але яе не пусьцілі два разы. Праваабаронца не атрымлівае лістоў ня толькі ад знаёмых ці неабыякавых — нават ад сястры і дзяцей.

«Іх папросту яму не аддаюць. Да нас таксама ня ўсе лісты даходзяць. Ён захварэў, быў у турэмным шпіталі ад 3 па 11 сакавіка з высокай тэмпэратурай. Цяпер яму трохі лягчэй. Працуе на дрэваапрацоўцы», — расказала адна са сваячак праваабаронцы.

Леаніда Судаленку прызналі вінаватым у «арганізацыі масавых беспарадкаў» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Ён дапамагаў затрыманым на пратэстах у 2020 годзе беларусам плаціць штрафы. Таксама Леанід Судаленка дапамагаў людзям складаць скаргі, падтрымліваў іх. Гэта, а таксама збор сродкаў на закупку дроваў для шматдзетнай сям’і, заклік сустрэць арыштаваную з ізалятару расцанілі як «арганізацыю беспарадкаў».

Праваабаронца атрымаў 3 гады зьняволеньня. Разам зь ім асудзілі Тацьцяну Ласіцу — валянтэрку «Вясны» (яна атрымала 2,5 гады калёніі).

«Хоць праз дзяржаўнае выданьне будзе складаць думку пра тое, што адбываецца»

Блогер і фрылянсэр Свабоды Ігар Лосік цяпер чакае апэляцыі ў гомельскім СІЗА. Яму таксама ад пачатку вайны перасталі аддаваць лісты ад несваякоў.

«Лісты даходзяць толькі ад мяне і ягонай маці. Ігар абураецца — людзі стараюцца, пішуць, купляюць канвэрты і паштоўкі. І гэта ўсё ідзе проста ў сьметнік! Я была на спатканьні. Ён цікавіцца вайной ва Ўкраіне, абураецца і жахаецца, што ракеты ляцелі зь Беларусі. Таксама яго, як і раней, цікавіць эканамічнае становішча ў Беларусі і Расеі. На жаль, інфармацыю яму даведацца няма дзе, апроч ці размовы са мной на спатканьні, ці ад людзей, якія таксама былі на спатканьні з блізкімі», — расказала жонка палітвязьня Дар’я Лосік.

Ігар папрасіў яе выпісаць адно дзяржаўнае выданьне, «каб хоць праз такія зьвесткі складаць сваю думку пра тое, што робіцца наагул».

Чакаецца, што ў красавіку ці траўні будзе апэляцыя ў Вярхоўным судзе. «На апэляцыю мы надзей ня маем, гэта проста юрыдычная неабходнасьць, а ня тое, што можа зьмяніць прысуд. Настрой у яго розны. Такія „амэрыканскія горкі“», — дадала жонка.

«Ад людзей атрымаў грашовы перавод і бандэроль»

Не атрымлівае лістоў і Мікола Статкевіч. Ягоная жонка Марына Адамовіч кажа, што ўдалося «прарвацца» толькі грашоваму пераводу і бандэролі. Іх адправілі неабыякавыя людзі, каб падтрымаць палітвязьня.

«Была нядаўна на спатканьні, Мікола ачуняў. Бо ён даволі доўга хварэў. Шмат размаўлялі пра Ўкраіну. Ён мяне вельмі зьдзівіў! Чалавек практычна ня мае актуальнай інфармацыі, бо ў яго толькі музычнае радыё, нават не давалі „Беларусь сегодня“, а сытуацыю ён разумее і аналізуе добра, робіць дакладныя высновы», — расказала Марына Адамовіч.

У ліставаньні зь Міколам яна абмяркоўвала як вайну, так і цяперашняе стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў.

«Ён мне напісаў, што агрэсія Расеі ідзе з нашай тэрыторыі, мы нясём за гэта адказнасьць. Але параўнальна меншую, чым расейцы. Яны ня толькі адправілі сваё войска забіваць і захопліваць, яны на сваіх выбарах сапраўды галасавалі за тых, хто пачаў вайну. А ўкраінцы старанна заплюшчвалі вочы на тое, у што пераўтварыліся выбары ў нас, ды яшчэ іх дэмакратычныя прэзыдэнты мелі тут свае гешэфты», — працытавала Марына частку ліста ад мужа.

Таксама ў лістах палітвязень разважае пра наступствы вайны для Беларусі і Эўропы і эканамічныя наступствы для Беларусі і Расеі.

Статкевіч у лістах піша, што цяперашняя палітыка Крамля — рэваншызм — зьменіць сваю скіраванасьць праз два гады. «Крэмль будзе адыходзіць ад рэваншызму, гэта ня першы выпадак у гісторыі, калі «ідэалёгія аказваецца пабітая канарэйкамі», — працытавала ўрывак ліста Марына Адамовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG