Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя вынікі першага туру выбараў прэзыдэнта Францыі: Макрон — 27,6%, Лё Пэн — 23,41%, Мэляншон — 21,95%


Марын Лё Пэн і Эманюэль Макрон
Марын Лё Пэн і Эманюэль Макрон

У другі тур, як і сьведчылі напярэдадні апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў, прайшлі дзейны прэзыдэнт і ультраправая кандыдатка.

Дзейны прэзыдэнт Францыі, 44-гадовы Эманюэль Макрон, апярэдзіў усіх апанэнтаў у першым туры, набраўшы 27,6% галасоў. Лідэрка ультраправага «Нацыянальнага аб’яднаньня» 53-гадовая Марын Лё Пэн набрала 23,41% галасоў і прайшла ў другі тур, сьведчаць афіцыйныя дадзеныя па выбарах.

Яны ж змагаліся за перамогу ў другім туры і на мінулых выбарах. Тады Макрон упэўнена перамог з паказчыкам у 66,10%, суперніца набрала 33,90%.

Трэцяе месца заняў Жан-Люк Мэляншон зь левай партыі «Непакорлівая Францыя» — 21,95%. Астатнія кандыдаты атрымалі значна меншую падтрымку — чацьвёртае месца заняў ультраправы Эрык Зэмур, які набраў 7%.

Праваліліся кандыдаты ад «сыстэмных» партый — правацэнтрысцкіх рэспубліканцаў і сацыялістаў. Валеры Пекрэс (4,79%) і Ан Ідальга (1,74%) заявілі аб тым, што падтрымліваюць Макрона, каб не дапусьціць «экстрэмістаў» да ўлады.

Другі тур выбараў прызначаны на 24 красавіка. Францускія экспэрты прагназуюць вострую барацьбу за перамогу. Мэляншон ужо заклікаў галасаваць у другім туры за Макрона, Зэмур — за Лё Пэн.

  • Як адзначае Францускае міжнароднае радыё, прэзыдэнцтва палітыка-цэнтрыста Эманюэля Макрона, які ўпершыню быў абраны кіраўніком дзяржавы ў 39 гадоў і стаў самым маладым кандыдатам і на сёлетніх выбарах, прайшло ва ўмовах вострых унутраных і сусьветных крызісаў. Сярод іх указаны сацыяльныя пратэсты «жоўтых камізэлек», забастоўкі супраць радыкальнай пэнсійнай рэформы, пандэмія каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 і вайна Расеі супраць Украіны.
  • Макрон афіцыйна аб’явіў аб вылучэньні сваёй кандыдатуры на другі тэрмін толькі 3 сакавіка, менш чым за 40 дзён да першага туру выбараў прэзыдэнта. Ён заявіў, што ня можа весьці кампанію «так, як бы гэтага хацеў». Макрон таксама адмовіўся ад удзелу ў прамых дэбатах з іншымі кандыдатамі, спаслаўшыся на занятасьць і напружаны графік.
  • Associated Press паказвае на зьніжэнне рэйтынгу Макрона за апошні час на фоне высокай інфляцыі і росту цэн на прадукты, бэнзін і іншыя віды паліва.
  • Лё Пэн выступае супраць сяброўства Францыі ў NATO і сябруе з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, падтрымліваючы таго ў анэксіі Крыму і іншых ваенных дзеяньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG