Гэта яна зрабіла на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі 8 красавіка падчас візыту ў Кіеў кіраўнікоў ЭЗ.
Фон дэр Ляен выказала меркаваньне, што месца Ўкраіны — «у эўрапейскай сям’і».
«Гэтая тэчка — вельмі важны этап вашага пераходу ў гэтую сямʼю. Гэта аснова для нашых дыскусіяў у найбліжэйшыя тыдні. Ваш шлях у Эўрапейскі Зьвяз пачынаецца, я ўпэўненая, гэта кароткі шлях. Я вам зараз дам гэтую тэчку, гэта такая анкета, вось пытаньні, трэба будзе на іх адказаць», — сказала яна.
Кіраўніца Эўракамісіі выказала меркаваньне, што Ўкраіне спатрэбіцца менш часу, чым іншым краінам, каб прайсьці гэты этап.
«Мы з вамі знаёмыя даўно, апошнія гады, таму гэта будзе працягвацца не гады, а тыдні, калі папрацуем. Так што, шаноўны Ўладзімір, я ўрачыста перадаю вам гэтую важную тэчку з анкетай на ўступленьне ў ЭЗ», — дадала фон дэр Ляен.
Зяленскі, прымаючы тэчку, адказаў: «Мы адкажам на ўсё праз тыдзень, Урзуля».
Журналістам фон дэр Ляен патлумачыла, што анкета стала наступным крокам пасьля таго, як Рада ЭЗ зьвярнулася да Эўракамісіі з просьбай даць заключэньне аб далучэньні Ўкраіны да Зьвязу. Паводле яе, анкета будзе запаўняцца на перамовах Украіны з ЭЗ. З адказаў Зьвяз павінен атрымаць уяўленьне аб тым, ці адпавядае краіна капэнгагенскім крытэрам для сяброўства.
«Гэта не адно пытаньне, якое вызначыць нашую выснову, ёсьць шмат пытаньняў, на якія трэба адказаць, і мы хочам разам працаваць, каб намаляваць шлях Украіны ў Эўропу. Пасьля гэтага камісія выдасьць сваё меркаваньне, якое фактычна будзе рэкамэндацыяй для Рады ЭЗ, а затым Рада прымае рашэньне аб далейшых кроках», — сказала яна.