Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ракетны абстрэл вакзалу ў Краматорску: загінулі ня менш за 39 грамадзян і звыш 100 атрымалі раненьні. ФОТА

Рэшткі ракеты ў Краматорску, 8 красавіка 2022
Рэшткі ракеты ў Краматорску, 8 красавіка 2022

Украінскія ўлады заклікалі жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей тэрмінова эвакуавацца.

Украінская чыгунка паведаміла ад мэтанакіраваным абстрэле чыгуначнага вакзалу ў горадзе Краматорску Данецкай вобласьці.

У цяперашні час вядома пра 39 загінулых, сярод іх 4 дзіцяці, паведамляе сьпікер Службы бясьпекі Ўкраіны Арцём Дзехцярэнка. Больш за 100 чалавек атрымалі раненьні.

«Гэта мэтанакіраваны ўдар па пасажырскай інфраструктуры чыгункі і жыхарах гораду Краматорску», — падкрэсьлілі ва «Укрзалізниця».

Сярод забітых у Краматорску двое дзяцей, паведаміў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

На адным з відэазапісаў, якія апублікаваў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, на ракеце відаць надпіс «За дзяцей».

Зяленскі: Яны цынічна зьнішчаюць цывільнае насельніцтва

Мясцовыя валянтэры сьцьвярджаюць, што ў час абстрэлу на вакзале знаходзілася больш за тысячу грамадзян, бо праводзілася эвакуацыя.

Пасьля ракетнай атакі ў Краматорску
Пасьля ракетнай атакі ў Краматорску

Дарадца Офісу прэзыдэнта Аляксей Арастовіч паведаміў, што па вакзале ўдарылі ракетай тыпу «Іскандэр».

«Варта разумець, што такім ударам папярэднічае пільная выведка мішэні, як мінімум беспілётнікам ці наводчыкамі па зямлі. Яны цудоўна бачылі, што білі па цывільных», — напісаў ён.

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла, што для абстрэлу расейцы выкарысталі «касэтны Іскандэр».

Пасьля ракетнай атакі Краматорска
Пасьля ракетнай атакі Краматорска

Паводле факту абстрэлу і гібелі цывільных грамадзян, завялі крымінальную справу на падставе ч.2 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне законаў і звычаяў вядзеньня вайны).

У сваю чаргу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што расейцы абстралялі краматорскі вакзал з сыстэмы «Точка У».

«Ня маючы сіл і сьмеласьці супрацьстаяць нам на поле бою, яны цынічна зьнішчаюць цывільнае насельніцтва. Гэта зло, якое ня мае межаў. Я калі яно ня будзе пакарана, то яно ніколі ня спыніцца», — напісаў Уладзімір Зяленскі.

Ахвяры ракетнай атакі Краматорска
Ахвяры ракетнай атакі Краматорска

У Расеі адмаўляюцца ад ракетнага нападу

У Расеі тым часам заявілі, што вакзал у Краматорску нібыта абстраляла Ўкраіна. Міністэрства абароны Расеі заявіла, што «ніякіх агнявых задач 8 красавіка ў Краматорску расейскія ўзброеныя сіл не выконвалі». У расейскім абарончым ведамстве таксама заявілі, што тактычныя ракеты «Точка У» нібыта «выкарыстоўвае толькі ўкраінская армія».

Як паведамляюць шэраг украінскіх тэлеграм-каналаў, адразу пасьля паведамленьняў аб запуску ракет у накірунку Краматорску расейскія СМІ пачалі паведамляць аб зьнішчэньні ўкраінскіх «баевікоў», а калі ў інтэрнэце пачалі распаўсюджвацца фотаздымкі з забітымі і пацярпелымі на станцыі, яны пачалі выдаляць першыя паведамленьні і пераконваць, што гэта «Ўкраіна абстраляла вакзал».

Сьведка абстрэлу: «Стаяў крык неймаверны — дзеці крычалі, іхныя маці крычалі»

Адна з мясцовых жыхарак Краматорску расказала ўкраінскаму тэлеканалу «Дом», што ў момант падзеньня ракеты яна знаходзілася ў сярэдзіну вакзалу.

«Людзей было поўна... Усе стаялі, хто дзе. І раптам нехта закрычаў: „Падайце“, і ўсіх пачалі піхаць на падлогу. Я прысела і пачула выбухі і крык неймаверны — дзеці крычалі, іхныя маці крычалі... Там шмат было зь дзецьмі. Такі крык быў... і я падумала, што калі цяпер яшчэ купал зьляціць, то ўвогуле ўсіх заб’е. Але другога выбуху не было», — паведаміла жанчына.

Паводле яе, ад выбуху пачалі загарацца машыны:

«Каля ўваходу ў вакзал ляжаў забіты чалавек. Некалькі параненых вынесьлі вайсковыя, а ня хуткая. А там, дзе рэйкі — я не бачыла. Усе пабеглі — ратавальнікі, вайскоўцы...Там, кажуць, шмат людзей, галовы асобна ляжаць», — дадала сьведка.
Паводле апошняй інфармацыі, загінулі 39 грамадзян, у тым ліку 4 дзіцяці.

Гэта ня першы напад на аб’екты чыгункі

Напярэдадні, 7 красавіка, абстрэлам была пашкоджаная чыгуначная дарога і заблякаваныя тры цягнікі, на якіх эвакуавалі амаль 4 тысячы мірных жыхароў.

Украінскія ўлады заклікалі жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей тэрмінова эвакуавацца. Паводле Генштабу Ўкраіны і заходніх выведак, Расея сьцягвае свае войскі, каб атакаваць некантраляваныя ёю раёны Данецкай і Луганскай абласьцей. Міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба падчас візыту ў NATO заявіў, што гэтая бітва можа дасягнуць маштабаў Другой сусьветнай вайны з удзелам танкаў, авіяцыі і ракетных сыстэм.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG