Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволенай журналістцы Кацярыне Андрэевай выставілі абвінавачаньне ў здрадзе дзяржаве, ёй пагражае да 15 гадоў турмы


Кацярына Андрэева ў судзе, 18 лютага 2021 г.
Кацярына Андрэева ў судзе, 18 лютага 2021 г.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку яе муж, журналіст Ігар Ільяш. Ён напісаў, што сьледзтва завершанае і справу неўзабаве перададуць у пракуратуру.

«Мы ня ведаем, на аснове якіх падзеяў узьнікла гэтае абвінавачаньне, — напісаў Ігар Ільяш. — Справай займалася УКДБ па Гомельскай вобласьці, сьледзтва праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасьці — г. зн. ажно да ўчорашняга дня, на працягу 55 сутак пасьля яе пераводу ў СІЗА, сваякі ня ведалі ні статусу Каці, ні артыкулаў, па якіх праводзяцца тыя самыя „працэсуальныя дзеяньні“. Пра сутнасьць абвінавачаньня мы нічога ня ведаем дагэтуль і напэўна ніякай інфармацыі наконт гэтага ўжо не атрымаем — суд відавочна будзе закрыты.

Але не абавязкова ведаць нейкія дэталі, каб разумець усю абсурднасьць такога абвінавачаньня. Каця была прыгаворана да 2 гадоў пазбаўленьня волі за стрым з акцыі пратэсту, яна ўжо 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі. І вось за пяць месяцаў да завяршэньня тэрміну зьняволеньня ёй раптоўна выстаўляюць новае абвінавачаньне — у „здрадзе радзіме“. У ахопленай таталітарнай утрапёнасьцю дзяржаве такая канструкцыя апрыёры ня можа мець нічога агульнага з законам і рэальнасьцю. Затое відавочная аналёгія са сталінскай практыкай — накручваць новы тэрмін палітвязьню, калі заканчваецца папярэдні. Прычым і тэрмін ёй таксама пагражае зусім сталінскі».

«Каця абсалютна невінаватая. Яна ніколі не ўчыняла нічога супрацьзаконнага. Гэтая крымінальная справа — жахлівая па сваёй цынічнасьці і жорсткасьці помста за журналісцкую дзейнасьць», — напісаў Ігар Ільяш.

  • Журналістак тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі.
  • Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных.
  • Журналістак асудзілі на два гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG