Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бегалі, нешта зь лесу цягнулі цяжкае ў мяшку». Новыя падрабязнасьці затрыманьня «рэйкавых партызанаў»


Кадр з аднаго з затрыманьняў
Кадр з аднаго з затрыманьняў

МУС паведамляе пра затрыманьне чатырох чалавек. Сьцьвярджаецца, што двое зь іх моцна параненыя.

6 красавіка МУС Беларусі паведаміў, што ў ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРу затрымалі трох жыхароў Бабруйску 27 і 28 гадоў, якія нібыта маюць дачыненьне да зьнішчэньня дзьвюх рэлейных шафаў сыгнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Паводле тэлеграм-каналу «Суполка чыгуначнікаў Беларусі», гаворка ідзе пра Яўгена Мінкевіча, Дзьмітрыя Клімава і Ўладзімера Аўрамцава.

Паводле афіцыйнай вэрсіі МУС, яшчэ аднаго чалавека затрымалі асобна ад першых трох. Сьцьвярджаецца, што гэта жыхар Менскага раёну, яго паранілі падчас затрыманьня і цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі. Ягонае імя пакуль невядомае.

Начное затрыманьне і відэа, зробленае ўдзень

Паводле афіцыйнай вэрсіі, затрыманьне людзей, якія нібыта пашкодзілі чыгуначнае абсталяваньне, адбылося ўначы з 29 на 30 сакавіка. Разам з тым на афіцыйна апублікаваных МУС кадрах відэаздымак відаць, што як мінімум аднаго з затрыманых арыштавалі ўдзень. МУС не паведамляе, дзе і калі гэта адбылося. Як стала вядома Свабодзе, чацьвёртага чалавека маглі затрымаць праз два дні пасьля першай групы — 1 красавіка каля 14:00, недалёка ад Менску. Затрыманьне 1 красавіка яшчэ аднаго «дывэрсанта» пацьвярджаюць і ў МУС, аднак там сьцьвярджаюць, што яно адбылося на тэрыторыі Барысаўскага раёну.

«Затрыманьне гэтага чалавека адбывалася не ў Асіповічах, а на выезьдзе зь вёскі Хадакова пад Менскам (побач з трасай М1 у берасьцейскім кірунку. — РС), 1 красавіка каля 14:00, — расказала Свабодзе крыніца. — На ўезьдзе ў вёску быў бус зь цёмным шклом і джып, які кагосьці чакаў. Пасьля, недзе праз паўгадзіны, калі хацелі выехаць, бачылі з адлегласьці сотні мэтраў, як мітусіліся супрацоўнікі, „мэдыка“ зь відэа ў чырвона-зялёным адзеньні, „хуткую“, якая прыехала і зьехала».

У вёсцы Хадакова шмат сьведак затрыманьня, таму што сілавікі фактычна перакрылі адзіны выезд зь вёскі на трасу. Ад гэтага ўтварылася вялікая чарга з аўтамабіляў у абодва бакі.

«Людзей не выпускалі зь вёскі выехаць і заехаць у яе цягам хвілін 40, — сьцьвярджае крыніца. — Чарга вялікая з машын з абодвух бакоў стаяла. Машын іхных (спэцслужбаў. — РС) рабочых было штук 5-6, бус танаваны з нумарамі 2-га рэгіёну, людзі ў бронекамізэльках, шлемах і масках. Начальства мітусілася ў гарнітурах і паліто. Бегалі, нешта зь лесу цягнулі цяжкае ў мяшку. Дарога была перакрыта з двух бакоў машынамі і людзьмі са зброяй».

Першыя паведамленьні пра страляніну на чыгунцы зьявіліся за тыдзень да афіцыйных

Інцыдэнт з пашкоджаньнем рэлейных шафаў на чыгунцы ў раёне Асіповічаў адбыўся ў ноч з 27 на 28 сакавіка. Празь дзень пасьля гэтага ў чыгуначных тэлеграм-каналах распаўсюдзілася інфармацыя пра тое, што падчас чарговай дывэрсіі адну з групаў «партызанаў» абстраляў патруль сілавікоў, аднак ніхто ня быў затрыманы і паранены.

На апублікаваным 6 красавіка відэа МУС тры чалавекі. Усе яны маюць пашкоджаньні на тварах. Са зьместу відэа немагчыма зразумець, дзе і калі яно было зробленае. На апублікаваных кадрах не відаць чыгункі.

Паводле інфармацыі чыгуначнага тэлеграм-каналу @belzhd_live, пасьля затрыманьня людзям, якія не чынілі супраціву, мэтанакіравана стрэлілі ў каленныя суставы. Іншых пацьверджаньняў гэтага пакуль няма. На апублікаваным МУС відэа раненьні ў абедзьве нагі відаць толькі ў чалавека, якога затрымалі ўдзень. Па відэа можна меркаваць, што ў яго прастрэленыя абедзьве нагі вышэй каленяў. Людзі, якія аказваюць затрыманаму першую дапамогу, уводзяць яму нейкі прэпарат.

Ніхто з затрыманых «дывэрсантаў» ня мае дачыненьня да чыгункі

Як паведамляла Свабода, масавыя затрыманьні супрацоўнікаў «Беларускай чыгункі» пачаліся неўзабаве пасьля першых чыгуначных дывэрсій. Вядома сама меней пра некалькі дзясяткаў затрыманых. У чым іх абвінавачваюць, МУС не інфармуе.

Ніводзін з трох мужчын, пра затрыманьне якіх паведамілі 6 красавіка, на чыгунцы не працуе і ня мае да яе дачыненьня.

Адзін з затрыманых жыхароў Бабруйску, Уладзімер Аўрамцаў, працуе трэнэрам у грэка-рымскай барацьбе ў адной са школ Бабруйску. Яўген Мінкевіч таксама зьвязаны са спортам, працаваў кіроўцам. Родныя Мінкевіча паведамлялі ў міліцыю пра яго зьнікненьне ў ноч з 30 на 31 сакавіка (час супадае зь меркаваным затрыманьнем. — РС), яго шукалі з дапамогай валянтэраў. Дзьмітры Клімаў таксама працаваў у Бабруйску кіроўцам.

Зьвесткі пра чатырох арыштаваных «партызанаў» могуць быць не канчатковымі. МУС ужо паведаміла, што неўзабаве зьявіцца інфармацыя пра новыя арышты. Паводле якіх артыкулаў завялі крымінальныя справы на ўсіх арыштаваных, пакуль не паведамляецца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG