У рэзалюцыі дэпутаты, як паведамляе чэскае грамадзкае радыё, асудзілі гэтае «злачынства супраць украінскага народу, масавыя рэпрэсіі і парушэньні правоў і свабодаў чалавека». Адзначаецца, што Галадамор быў «сьвядома справакаваны жахлівым таталітарным рэжымам у 1932-1933 гадах з мэтай зламаць супраціў украінскага народу гвалтоўнай калектывізацыі і падарваць яго нацыянальную самасьвядомасьць».
Чэскія парлямэнтары таксама выказалі «рашучасьць спрыяць прасоўваньню міжнародных прынцыпаў, у тым ліку выяўленьне асобаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы, што прадухіліла б паўтарэньне такой трагедыі дзе-небудзь у сьвеце».
«Сёньняшняя рэзалюцыя аддае яшчэ адзін гістарычны доўг. Асабліва ў сувязі з жорсткай расейскай агрэсіяй на тэрыторыі Ўкраіны», — гаворыцца ў дакумэнце.
Асобна дэпутаты прынялі рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні расейскага войска ва ўкраінскім горадзе Буча. У пачатку красавіка адтуль паступілі паведамленьні аб масавых расстрэлах мірных жыхароў. Украіна і краіны Захаду абвінавацілі Расею ў ваенных злачынствах. Масква ўсе абвінавачваньні адпрэчвае.
- Ва Украіне падзеі 1932-1933 гадоў афіцыйна прызнаныя генацыдам. Паводле Інстытуту гісторыі Ўкраіны, страты ад голаду ва Ўкраінскай ССР склалі амаль 4 мільёны чалавек і яшчэ 3 мільёны — у іншых рэгіёнах СССР.
- У 2018 годзе Сэнат ЗША падтрымаў рэзалюцыю, якая прызнае Галадамор ва Украіне генацыдам.