Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова — пікет, які заўсёды з табой». Гісторыі людзей, якія перайшлі на беларускую проста цяпер


«Марш міру і незалежнасьці» ў Менску, 30 жніўня 2020 г.
«Марш міру і незалежнасьці» ў Менску, 30 жніўня 2020 г.

Паразмаўлялі зь людзьмі, якія перайшлі на беларускую мову. Даведаліся, навошта ім гэта, як на іх рашэньне паўплывалі падзеі ва Ўкраіне і чаму цяпер важна размаўляць па-беларуску. Таксама знайшлі сэрвісы для вывучэньня беларускае мовы.

«Толькі такім чынам можна паўнавартасна лічыць сябе асобнай нацыяй»

Міхаіл, былы адвакат і юрыст, цяпер у працэсе пераходу на беларускую мову.

«Зараз я магу казаць толькі аб амаль поўным пераходзе на яе пісьмова. Вусна

Міхаіл Бандарчук
Міхаіл Бандарчук

выкарыстоўваць беларускую мову, на жаль, пакуль цяжкавата, але ёсьць адчуваньне, што гэта толькі часова. Я спрабую выкарыстоўваць беларускую амаль ва ўсіх чатах, перапісках, допісах у сацыяльных сетках. Безумоўна, цяжка гэта рабіць, калі ідзецца аб чымсьці вельмі спэцыфічным, калі не хапае адпаведных беларускіх словаў у галаве. Але ў большасьці выпадкаў можнапаглядзец ь тое ці іншае слова ў слоўніку», — кажа Міхаіл.

Кожны з нас робіць памылкі, кажа Міхаіл, і ў гэтым няма нічога страшнага.

«У маім выпадку неяк ужо склалася, што большасьць знаёмых без усялякай агрэсіі ставіцца да памылак. Частка зь іх можа ветліва паправіць. У выпадках, калі я трансьлюю думкі на неабмежаваную супольнасьць людзей, тады больш уважліва стаўлюся да тэксту, спрабую яго перагледзець больш разоў».

Многія сябры і знаёмыя Міхаіла таксама пачалі пераходзіць на беларускую мову ў стасунках.

«Нехта раней, нехта толькі цяпер. Частка таксама толькі пісьмова, але частка і вусна. Зараз так робяць, як я бачу, шматлікія беларусы. Увогуле зь пераходам на беларускую мову нічога асабліва ў маім жыцьці не зьмянілася. І, як мне падаецца, і не павінна было зьмяніцца».

Міхаіл перакананы, што размаўляць па-беларуску цяпер вельмі важна.

«Зараз гэта вельмі важна — размаўляць на роднай мове, рабіць гэта хаця б часткова. Толькі такім чынам можна неяк паўнавартасна лічыць сябе асобнай нацыяй. І падзеі ва Ўкраіне толькі яшчэ больш у гэтым пераконваюць. Толькі вялікая павага грамадзян Украіны да сваёй гісторыі, паходжаньня, культуры і мовы робіць іх зараз сапраўднай нацыяй, якая мае дастаткова сілы духу для адстойваньня сваёй незалежнасьці. Мова — неабходная частка гэтай моцы».

«Беларуская мова — магчымасьць адразу пазнаць сваіх»

Тацяне 26 гадоў, працуе праграмісткай. Цалкам перайшла на беларускую пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

«Я ўжо некаторы час сьвядома ўводзіла беларускую мову ў сваё жыцьцё — з выбарчай кампаніяй 2020-га часьцей абірала беларускамоўны зьмест, дзякуй стрымам Радыё Свабода, — усьміхаецца Тацяна. — Намагалася хаця б па 10 хвілін размаўляць з роднымі па-беларуску. Калі давялося зьехаць ва Ўкраіну ў жніўні 2021-га, перавяла асабістыя сацсеткі на беларускую. На пачатку 2022-га прыйшло разуменьне, што эміграцыя можа зацягнуцца на большы час, чым я думала. І я пачала шукаць для сябе апору, як мне захаваць сваю ідэнтычнасьць і ўпэўненасьць, што ніхто ня можа адабраць у мяне дом. Адказ знайшоўся хутка — мова. Але я адкладала. А потым здарылася вайна. 27 лютага я прыехала ў Польшчу з Кіева, 28-га вырашыла, што час пераходзіць на беларускую мову надышоў».

Беларускую мову Тацяна выкарыстоўвае ў штодзённай камунікацыі зь беларусамі.

«На расейскай — толькі з расейскамоўнымі іншаземцамі. Сацыяльныя сеткі, нататкі ў тэлефоне — на беларускай, нават кантакты пераклала! Калі дакумэнты запаўняю, намагаюся пісаць лацінкай беларускае гучаньне гораду, назвы вуліцы».

Тацяна дадае, што не баіцца рабіць памылкі ў вуснай гаворцы.

«Стаўлюся па-філязофску — калі не пачну размаўляць, то ніколі не пазбаўлюся ад памылак. Крыху саромеюся пісьмовых памылак, бо хацела б пісаць тарашкевіцай, а атрымліваецца дзікая сумесь, але і гэта папраўнае. Буду думаць, як палепшыць валоданьне мовай, мо якія курсы знайду».

У сям’і да Тацянінага рашэньня размаўляць па-беларуску паставіліся з падтрымкай і павагай.

«Бацькі размаўляюць са мной на беларускай, муж таксама намагаецца часьцей размаўляць на роднай мове. Называю гэта „мяккай беларусізацыяй“, — сьмяецца Тацяна. — З адной зь сябровак мы і дагэтуль размаўлялі толькі на беларускай (хоць увесь час былі расейскамоўныя), яна таксама працягвае камунікаваць са мной па-беларуску. Я вельмі рада, што перайшла на беларускую, я ад гэтага адчуваю ўздым. Але асаблівы выклік — пошук беларускамоўнага асяродзьдзя, дадатковага беларускамоўнага зьместу».

Тацяна кажа, што пакуль не сутыкнулася зь нейкім нэгатывам празь беларускую мову.

«Нейкіх асаблівых сытуацый, зьвязаных з маёй мовай, не было, хіба што калі падаваліся на польскую візу, пазнаёміліся зь беларусамі, якія пачулі, як я размаўляю, і падышлі да нас. Беларуская мова — магчымасьць адразу пазнаць сваіх».

Чаму цяпер важна гаварыць па-беларуску? Для сябе Тацяна вылучае некалькі прычынаў.

«Беларуская мова — гэта частка мяне. Гэта мова, на якой размаўлялі мае бабулі і дзядулі, мае бацькі ў дзяцінстве, на якой мне сьпявалі калыханку. Гэта мова, якую ўжо столькі часу спрабуюць зьнішчыць, а яна ўсё прабіваецца, спрабуе расьці. Мова — спосаб паказаць сваю пазыцыю бязь лёзунгаў і плякатаў, гэта пікет, які заўсёды з табой. Мова — гэта наша абарона ад чужой інфармацыйнай прасторы, а значыць, і ад уплыву гэтай інфармацыйнай прасторы на нас».

Тацяна дадае, што вайна ва Ўкраіне ўплывае на рашэньне людзей размаўляць на роднай мове.

«Ведаю дзьвюх дзяўчат, якія таксама перайшлі на мову з пачаткам вайны. Асабіста я не лічу мову галоўным ідэнтыфікатарам нацыянальнасьці, але вось проста зараз нам трэба ўсьвядоміць, што некаторыя нашы суседзі так лічаць, а нам зь імі побач жыць».

«Калі памірае мова, гэта тое ж самае, што памірае адразу ўвесь народ»

Марыне [імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС] каля 20 гадоў. Перайшла на беларускую 21 лютага, акурат у Дзень роднай мовы.

«Сястра напісала мне, што вырашыла перайсьці на беларускую мову і, жартуючы, дадала, што ня будзе са мной размаўляць, калі я не перайду таксама. Я ўжо год дакладна думала аб тым, каб пачаць размаўляць на роднай мове, але заўсёды былі нейкія „адмазкі“. Здавалася, быццам гэта будзе вельмі цяжка. Але ў той жа дзень я пачала спрабаваць гаварыць».

Дзяўчына кажа, што цяпер паўсюль, дзе магчыма, выкарыстоўвае беларускую.

«Хіба толькі акрамя афіцыйных лістоў або сумоўяў. Баюся, што ня хопіць слоўнікавага запасу і будзе няёмка перад суразмоўцам. Але я працягвала размаўляць па-беларуску на вучобе і нават у крамах. Наконт памылак — гэта для мяне адкрытае пытаньне, шчыра кажучы. Адразу пачуваюся няёмка, калі нехта кажа пра мае памылкі. Калі лістуюся з сваімі беларускамоўнымі знаёмымі, па 100 разоў усё пераправяраю, перад тым як адправіць паведамленьне».

Бацькі і бабуля адрэагавалі вельмі добра на рашэньне Марыны і яе сястры размаўляць па-беларуску.

«Яны падтрымалі нас. Маці нават спрабавала таксама перайсьці, але ўсё казала, што ёй не хапае слоўнага запасу. Але з маім маладым чалавекам узьніклі праблемы. Хоць мы і трымаемся адных палітычных поглядаў (мне здаецца, гэта зьвязана), ён спачатку адрэагаваў нэгатыўна. Казаў, што не разумее мяне, прасіў менавіта зь ім размаўляць па-расейску. Але недзе праз тыдзень супакоіўся і прыняў мае рашэньне. На вучобе я заўважыла, што калі я зьвяртаюся да каго-небудзь па-беларуску, амаль усе спрабуюць адказаць таксама па-беларуску. Тое ж самае адбываецца і ў нашым чаце».

Дзяўчына кажа, што празь беларускую мову яна пачала адчуваць сябе бліжэй да сваёй краіны. Але з Марынай ужо здарылася некалькі нэгатыўных выпадкаў праз мову.

«Я хаджу ў трэнажорную залю з трэнэрам. І калі я пачала размаўляць зь ім па-беларуску, ён сказаў нешта накшталт: „Што гэта з табой здарылася?“ Зь нейкім нэгатыўным падтонам. Пасьля таксама казаў, што мяне не разумее і г. д. Некалькі разоў у кавярнях барысты таксама не разумелі (ці рабілі выгляд, што не разумелі, ня ведаю)».

Марына кажа, што размаўляць па-беларуску заўжды было важна, але цяпер асабліва.

«Цяпер, калі адбываецца ўся гэта „сытуацыя“ з Расеяй, размаўляць на роднай мове асабліва важна. Іх выказваньні, што ўсе расейскамоўныя людзі — гэта іх суайчыньнікі. Я ніколі не хацела, каб нас абʼядноўвалі з расейцамі. Мне заўсёды не падабалася, у тым ліку, што за мяжой нас часта абʼядноўваюць з расейцамі. А размаўляць на іншай, сваёй мове — гэта яшчэ адно адрозьненьне паміж намі. Вядома, гэта спосаб захаваць нашу культуру, нашу нацыю. Якая ж нацыя без сваёй мовы? Я лічу, што калі памірае мова, гэта тое ж самае, што памірае адразу ўвесь народ».

Таксама Марына перакананая, што вайна ва Ўкраіне вельмі моцна паўплывала на рашэньне людзей размаўляць па-беларуску.

«Можна адабраць шмат чаго ў чалавека, асабліва калі ты жывеш у Беларусі. Але мову адабраць нельга»

Натальлі (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) 28 гадоў, працуе ў сфэры прыгажосьці. Каб пачаць размаўляць на роднай мове, упершыню задумалася ў 2020 годзе.

«Тады я нарэшце зразумела словы „мая мова — мая зброя“. Калі ты сустракаеш беларускамоўнага чалавека, ён заўсёды добры, адэкватны, у яго нармальны сьветапогляд, нармальныя думкі наконт таго, што адбываецца вакол нас. Таму, каб паказаць людзям, што я зь імі, што я таксама за перамены, я за сумленнасьць, дастаткова проста размаўляць па-беларуску», — кажа Натальля.

Жанчына лічыць, што ва ўладзе з 2020 году засталіся людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да сапраўднай Беларусі.

«Ніколі словаў павагі да беларускай мовы я ад іх ня чула, гэта непрыемна, таму гэта як мой асабісты пратэст супраць таго, што адбываецца. І калі б цяпер усходні „сусед“ прыйшоў, адкрыта павесіў свой сьцяг, то, здаецца, нашая ўлада і ўсе тыя, хто ня звольніліся ў 2020 годзе, былі б вельмі рады і сустрэлі б іх з хлебам і сольлю. Пра якую можна гаварыць беларускую мову там? Таму мы павінны зараз шмат рабіць для таго, каб нашай культуры і мовы было больш навокал».

Натальля кажа, што яе шлях да роднай мовы доўгі.

«Я гляджу на людзей, якія цікавяцца беларускай мовай. Адны пераходзяць рэзка, амаль за адзін дзень, і для мяне яны — нейкія супэргэроі. Я так не змагла, у мяне такі павольны шлях, доўгі, але ён зь вялікай любоўю да сваёй мовы і культуры. Спачатку я проста зрабіла вакол сябе такую інфармацыйную прастору, дзе кнігі нашых беларускіх клясыкаў і сучасных пісьменьнікаў, дзе навіны на беларускай мове, дзе блогі вядуць па-беларуску ў інстаграме. Тэлефон і іншыя прылады таксама на беларускай мове. І таму яе вакол мяне стала шмат — дзякуючы маім дзеяньням».

Натальля пачала весьці сацыяльныя сеткі па-беларуску. Але пераход таксама быў павольны і асьцярожны.

«Спачатку гэта было 30%, потым 50%, цяпер стараюся, каб 90% таго, што я пішу, было на роднай мове. У жыцьці пакуль складана, не хапае ўпартасьці, каб цалкам перайсьці. Але словы падзякі, вітаньні заўсёды па-беларуску. Цяпер, вядома, мне лягчэй перайсьці на родную мову, калі я сустракаю беларускамоўнага сябра ці знаёмага, бо два гады таму я б так і не магла зрабіць. Я пачала думаць па-беларуску».

Натальля — мама. Са сваім маленькім сынам яна пачала вывучаць новыя словы на беларускай мове.

«Штовечар мы нейкае новае беларускае слова вывучаем. І вось пару дзён таму ён прачнуўся, падышоў да мяне і нарэшце сказаў: „Мама, добрай раніцы“. І было так прыемна гэта пачуць! Вядома, я вельмі шкадую, што з самага нараджэньня сына не размаўляла зь ім на роднай мове, зараз яму складаней. Але мы такімі будзем маленькімі крокамі ісьці да нашай роднай мовы».

Нэгатыўных сытуацый празь беларускую мову пакуль не здаралася, кажа Натальля.

«Я сустракала больш зьдзіўленьне і разгубленасьць. Напрыклад, калі таксісту кажаш: „дзякуй“, а ён нават і ня ведае, што адказаць. Але было такое, што таксіст казаў: „І вам дзякуй“. І так шчыра ўсьміхаўся, мы зь ім былі на адной хвалі. Быў яшчэ такі цікавы момант, які я, напэўна, запомню на ўсё жыцьцё. Мы неяк з сынам трапілі ў лЯкарню, і да нас выйшла беларускамоўная доктарка. Мне 28 гадоў, і я ўпершыню за ўсё жыцьцё ўбачыла беларускамоўнага доктара, гэта было ўжо ў 2022 годзе. Мне хацелася плакаць ад шчасьця! Я з радасьцю падхапіла беларускую мову, і гэта было так прыемна! Мне здаецца, нягледзячы на ўвесь жах, боль, які вакол нас, зараз той час, каб пачаць патроху чытаць, пісаць, размаўляць на роднай мове».

Натальля кажа, што чалавек можа размаўляць на той мове, на якой хоча, але ведаць родную абавязкова мусіць.

«Я пачуваюся цяпер добра, бо зразумела, што мая мова і культура — мая апора. Можна адабраць шмат чаго ў чалавека, асабліва калі ты жывеш у Беларусі. Але мову адабраць нельга. Мая мова са мною. Гэта мой сьцяг, мая зброя. Таму я б вельмі хацела, каб усё больш і больш беларусаў цікавіліся роднай мовай. Вядома, мо гэта па-дзіцячаму — марыць, каб усе беларусы размаўлялі па-беларуску. Я за тое, каб кожны чалавек карыстаўся той мовай, якой яму хочацца, але калі ты беларус, нарадзіўся на беларускай зямлі, то прынамсі мусіш валодаць добра беларускай мовай, лёгка чытаць і пісаць».

Натальля перакананая: вельмі важна, каб улада ў краіне гаварыла на роднай мове.

«Усе дзяржаўныя супрацоўнікі павінны гаварыць па-беларуску. Усе шыльдачкі і назвы павінны ў краіне быць на беларускай мове. Надыдзе такі час, калі ў нас будзе свабода, будуць прыяжджаць турысты і хадзіць па нашых вуліцах, і яны павінны бачыць, што яны ў Беларусі, усё навокал павінна быць па-беларуску. А як размаўляць, ты ўжо сам выбірай».

Яна дадае, што раней па-добраму зайздросьціла Ўкраіне.

«За гэтыя 8 гадоў яны, мне здаецца, абралі правільны шлях, дзе людзі з уласнай ахвоты пачалі разьвіваць родную мову, яе стала значна больш. Таму гэтая вайна Пуціна супраць Украіны для мяне, відавочна, — вайна супраць украінскай нацыі, культуры, мовы. І за такімі словамі, як „дэнацыфікацыя“, ён проста хавае сваё жаданьне прасоўваньня расейскай мовы і культуры. Таму пераход на родную мову — гэта асабісты наш пратэст супраць гэтага».

Што дапаможа пачаць гаварыць па-беларуску:

Сайт mova.how аб’ядноўвае беларускамоўныя праекты зь лекцыямі, музыкай, кіно, падкастамі, навінамі і іншым, а таксама курсы вывучэньня мовы.

audiobooks.by — навігатар па аўдыёкнігах на беларускай мове і беларускіх аўтараў. Тут можна знайсьці аўдыёкнігі сучасных аўтараў і клясыкаў, дзіцячую літаратуру.

Суполка «Вольная мова» ладзіць онлайн-гутаркі на беларускай мове на розныя тэмы.

Таксама нядаўна беларуская пісьменьніца Ганна Севярынец расказала пра свой досьвед і дала практычныя парады, як перайсьці на родную мову.

Праекты Радыё Свабода:

У тэлеграм-канале «Мова са Свабодай» і суполцы ў фэйсбуку «Толькі пра мову» шмат артыкулаў, апытаньняў і розных цікавых фактаў пра беларускую мову

У праекце«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» можна знайсьці шмат цікавых выразаў, гістарычных фактаў.

Таксама можна пачытаць пра становішча беларускай мовы, паглядзець відэаролікі пра яе і паслухаць падкасты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG