Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь і Расею не падтрымліваюць нават найбліжэйшыя саюзьнікі? Меркаваньне Юрыя Дракахруста


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Масква, 11 сакавіка 2022 г.
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Масква, 11 сакавіка 2022 г.

На мінулым тыдні міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў: «Беларусь і Расея засталіся практычна сам-насам з тымі, хто спрабуе накінуць ім сваю волю».

Гэтыя словы часткова сталі рэакцыяй на сэнсацыйную заяву намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану Цімура Сулейменава, што ягоная краіна ня будзе дапамагаць Беларусі і Расеі пераадолець санкцыйны ціск. «Мы будзем выконваць абмежаваньні, накладзеныя на Расею і Беларусь. Мы ня хочам апынуцца ў адным кошыку і ня будзем рызыкаваць», — сказаў ён.

Макей абурыўся гэтай заявай, папракнуўшы Казахстан за няўдзячнасьць: «Мне асабіста дзіўна назіраць, як у цяжкую для сябе хвіліну частка непераможнага савецкага народу зьвяртаецца па дапамогу да Расеі і Беларусі і мы аказваем ім гэтую дапамогу. А ў цяжкую для Беларусі і Расеі хвіліну гэтая частка непераможнага народу заяўляе, што ня будзе „ў адным кошыку“ зь Беларусьсю і Расеяй».

Варта прыгадаць, як 11 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падчас візыту да Ўладзіміра Пуціна агучваў велічныя спадзевы на тое, як постсавецкая інтэграцыя ўратуе Менск і Маскву ад санкцыйных абцугоў: «Нам трэба неяк сабрацца ў АДКБ, нам трэба ў ЭАЭС сабрацца, згуртавацца разам. Бо ўсе гаварылі пра тое, што нам трэба разам быць. Ну дык давайце зьбяром. І, паверце, яшчэ дадаўшы гэтыя рынкі, мы празь месяц забудзем, што ў нас ёсьць санкцыі».

Моц рынкаў Армэніі, Кіргізстану, Казахстану і Таджыкістану Лукашэнка ў сваіх геапалітычных летуценьнях крыху перабольшваў, але, як высьветлілася, нават гэтая сьціплая моц ня надта зьбіраецца падстаўляць плячо краіне-агрэсару і яе саўдзельніцы.

І ня толькі ў сэнсе непасрэднай дапамогі, але і дзеля абыходу санкцыяў, у чым Менск і Масква вельмі зацікаўленыя. «Празь месяц» даводзіцца забыць не пра санкцыі, а пра спадзевы іх абысьці.

Іншыя саюзьнікі па АДКБ і ЭАЭС такіх недвухсэнсоўных заяваў, як Казахстан, праўда, не рабілі. Але не рабілі і заяваў адваротнага зьместу — не абяцалі падтрымаць «дэнацыфікатараў» Украіны. Нават Армэнія, якой цяпер, у сьвятле ваенных рухаў Азэрбайджану ў Карабаху, дапамога Расеі патрэбная пазарэз.

Але вернемся да канстатацыі, зробленай Макеем. Ён не абмежаваўся папрокамі на адрас Казахстану, а заўважыў, што Менск і Масква апынуліся ў поўнай ізаляцыі.

Прапаганда кажа, што Захад — гэта далёка ня ўвесь сьвет, што зь Беларусьсю і Расеяй ці не палова, калі ня большая частка сьвету, зь ёй вялікі Кітай, Індыя, Турэччына.

Ну а вось міністру Макею так не здаецца.

Згаданы казахстанскі чыноўнік патлумачыў прагматычную подбіўку рашэньня ягонай краіны: «Менш за ўсё мы хочам, каб да Казахстану ўжываліся другасныя санкцыі ЗША і ЭЗ».

Сьвет і сапраўды не складаецца з аднаго Захаду. Але астатні сьвет залежны ад Захаду, зьвязаны зь ім. І цяпер Захад ставіць перад кожнай краінай сьвету пытаньне рубам — вы з агрэсарам Расеяй і яе паплечніцай Беларусьсю ці не?

Размова ня толькі і нават ня столькі пра рыторыку. Пры галасаваньні на Генэральнай асамблеі ААН за рэзалюцыю з асуджэньнем агрэсіі Расеі некалькі дзясяткаў дзяржаваў устрымаліся.

Але калі нават жахі Марыюпалю і Бучы ня ўражваюць, то ўражвае прынамсі пэрспэктыва другасных санкцыяў. Аднак ёсьць і больш глыбокія прычыны гэтай геапалітычнай самоты Расеі.

Існы сьветапарадак задавальняе далёка ня ўсе краіны сьвету. Але разьвіцьцё падзеяў пасьля 24 лютага паказала, што той парадак, які Расея спрабуе ўсталяваць вайной, не задавальняе практычна ўвесь сьвет яшчэ больш.

Ультыматум аб гарантыях бясьпекі, які Расея выставіла Захаду ў канцы мінулага году, сьведчыць пра тое, што мэтай вайны з суседняй краінай быў ня столькі яе захоп, колькі зьмена правілаў, па якіх жыве сьвет. Сьвету (менавіта сьвету, а не аднаму Захаду) гэта ня надта спадабалася.

Што тычыцца таго ж Казахстану, то можна меркаваць, што адным з чыньнікаў яго жорсткай пазыцыі былі перасьцярогі, што наступнай ахвярай «дэнацыфікацыі» можа стаць ён сам. Паўночны рэгіён Казахстану ў расейскім шавіністычным дыскурсе ўжо здаўна трактуецца як «спрадвечныя расейскія землі». У сьвеце, які спрабуе збудаваць Расея вайной ва Ўкраіне, тэрытарыяльная цэласнасьць Казахстану не гарантаваная нічым.

Лукашэнка свой выбар таксама зрабіў — іншы, адваротны, чым Такаеў. Але і Захад, і Ўкраіна нагадваюць яму, што гэты выбар абарачальны. Узровень санкцыйнага ціску на Беларусь, хоць і ўзрастае, але ўвесь час застаецца ніжэйшы, чым ціск на Расею.

У спрэчцы, ці супраціўляецца Лукашэнка пасыланьню беларусаў на вайну, ці проста Пуціну гэта пакуль не патрэбна, украінская ўлада на баку першай вэрсіі. «Мы бачым, што Лукашэнка нейкія крокі рабіў, каб не ўступіць цалкам у вайну», — заявіў Уладзімір Зяленскі 5 красавіка.

Магчыма, як чалавек, як украінец, Зяленскі разважае інакш. Але як прэзыдэнт Украіны ён паказвае Лукашэнку, што ў таго ўсё яшчэ ёсьць альтэрнатывы. І Захад паказвае Лукашэнку тое ж самае.

І ў пэўнай сытуацыі той самы Макей яшчэ будзе даводзіць заходнім калегам: «Мы ўсё ж не паслалі свае войскі супраць братоў-украінцаў, расейцы з нашай тэрыторыі нападалі на Ўкраіну — дык яны нас не пыталіся, яны нас прымусілі, яны нам пагражалі, Лукашэнка ж ні разу не сказаў, што даваў згоду на гэтыя напады, мы ж з вамі эўрапейцы, а расейцы... вядома ж, хто такія расейцы».

Вось чамусьці ні на сэкунду няма сумневаў, што менавіта так цяперашні адэпт «непераможнага савецкага народу» і будзе гаварыць. Пры пэўным зьбегу абставінаў, зразумела.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG