Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што беларускія антыкамуністы любяць Рэйгана і як ён перамог СССР у «халоднай вайне»


Нэнсі і Рональд Рэйганы, 1985 год
Нэнсі і Рональд Рэйганы, 1985 год

Калі 40-ы прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган пакідаў Белы Дом пасьля двух тэрмінаў, яго падтрымлівала больш за палову амэрыканцаў. А праз 12 год — ужо 74%. Шалёную папулярнасьць Рэйган меў і сярод антыкамуністаў у СССР. Вось за што.

Як Рэйган трапіў у палітыку

Народжаны ў 1911 годзе Рэйган першую палову жыцьця прысьвяціў акторству, здымаўся ў фільмах, сэрыялах, граў у тэатры. Першапачаткова ён падтрымліваў Дэмакратычную партыю, але пасьля 1950-х пачаў сымпатызаваць рэспубліканцам, пакуль цалкам не перайшоў у іх шэрагі. Харызматычнага Рэйгана, які выступаў з палымянымі прамовамі, заўважылі. У другой палове 1960-х яго абралі губэрнатарам Каліфорніі. Гэта і стала трамплінам для будучага прэзыдэнцтва.

Малады Рональд Рэйган
Малады Рональд Рэйган

Што зьмяніў прыход Рэйгана ў Белым Доме

У сваёй палітычнай кар’еры Рэйган быў і дэмакратам, і рэспубліканцам. Але заўжды заставаўся антыкамуністам. Яшчэ маладым акторам ён супрацоўнічаў з ФБР і інфармаваў наконт пракамуністычных сымпатый у творчым асяродзьдзі.

За 6 год да абраньня прэзыдэнтам ён назваў камунізм «формай вар’яцтва, якая агідная чалавечай прыродзе». Зразумела, што і папярэднікі Рэйгана ў Белым доме не былі прыхільнікамі Савецкага Саюзу, але менавіта Рональд Рэйган ператварыў актыўны антыкамунізм у адну з ключавых задач ЗША. Менавіта пры Рэйгану канфлікт паміж Амэрыкай і СССР увайшоў у вырашальную фазу. Мастацтва яго антысавецкай палітыкі заключалася не ў непасрэдным канфлікце. Рэйган імкнуўся да таго, каб СССР разваліўся пад уласным цяжарам.

Калі і як усё пачалося

Рональд Рэйган заступіў на пасаду прэзыдэнта ў студзені 1981 году. Практычна адразу ён зьмяніў ранейшы курс зьнешняй палітыкі, які праводзілі Злучаныя Штаты. Рэйган прыйшоў да высновы, што спробы лібэралізацыі адносін паміж ЗША і СССР, якія рабілі папярэднія каманды Белага дома ў 1970-х гадах, не прынесьлі чаканых вынікаў. Ён лічыў, што супраць Масквы варта ўжываць больш агрэсіўную тактыку. Ранейшая дактрына ЗША (напрыклад, прэзыдэнта Гары Трумэна) прадугледжвала стрымліваньне СССР. Рэйган жа заклікаў актыўна дзейнічаць супраць Савецкага Саюзу.

У 1983 годзе ён назваў СССР «Імпэрыяй Зла» і паабяцаў пакончыць з экспансіяй камунізму ў краінах трэцяга сьвету.

Рэйган у Белым доме, 1988 год
Рэйган у Белым доме, 1988 год

Што такое «дактрына Рэйгана»

Так называюць праграму замежнай палітыкі адміністрацыі Рэйгана, скіраваную на аслабленьне СССР. Афіцыйна яна была выкладзена ў Дырэктыве аб прыняцьці рашэньняў аб нацыянальнай бясьпецы № 32 ад 20 траўня 1982 году. А ў гісторыі засталася як «дактрына Рэйгана». У ёй гаварылася аб стрымліваньні і нэўтралізацыі савецкага ўплыву ў сьвеце, фінансавай і ваеннай падтрымцы краін і арганізацый, якія змагаліся супраць камунізму або зрыналі камуністычныя рэжымы. ЗША спрыялі антыкамуністычным рухам у Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амэрыцы.

Напрыклад, у Нікарагуа Злучаныя Штаты таемна дапамагалі паўстанцам, якія змагаліся за зьвяржэньне ўраду сандыністаў, якіх падтрымлівала Куба. Іншы прыкметны прыклад — Афганістан, дзе ЗША аказвалі матэрыяльную падтрымку паўстанцам-муджагедам, якія змагаліся супраць савецкай акупацыі.

Дактрына прадугледжвала і ўцягваньне СССР у некантраляваную гонку ўзбраеньняў, якая павінна была прывесьці да поўнага краху і без таго слабой савецкай эканомікі. Ключавым элемэнтам стала праграма Strategic Defense Initiative (Стратэгічная абарончая ініцыятыва), якая прадугледжвала працу над мэтадам зьнішчэньня міжкантынэнтальных ядзерных ракет у космасе. На практыцы нават амэрыканцы не маглі дазволіць сабе гэта рэалізаваць, а вось камуністы паверылі ў гэты блеф.

Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган, 1987 год
Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган, 1987 год

Што такое «Зорныя войны»

Менавіта так называўся праект адміністрацыі Рэйгана, які ад пачатку і да канца быў фэйкам. Прэзыдэнт ЗША абвясьціў аб будаўніцтве ў космасе сеткі абарончых спадарожнікаў, якая павінна была накрыць ЗША «ахоўным парасонам». Пазьней выказвалася меркаваньне, што зброю трэба вывесьці на арбіту. СССР быў вымушаны прыняць гэты выклік, але будаўніцтва савецкай сыстэмы стала бяздоннай фінансавай дзіркай. Пра тое, што «Зорныя войны» былі блефам, у Маскве даведаліся ўжо пасьля развалу СССР.

Але гонка была для Савецкага Саюзу настолькі неадпаведнай яе сілам, што Гарбачоў у выніку пачаў перамовы з Рэйганам, спачатку ў Рэйк’явіку (1986), пасьля ў Вашынгтоне. А іх вынікам стала абмежаваньне ўзбраеньняў і аслабленьне савецкай эканомікі.

А ці праўда, што Рэйган дзякуючы Саудаўскай Арабіі зьнізіў цэны на нафту і нанёс гэтым чарговы ўдар па СССР

Ёсьць такая вэрсія, што Рэйган дамовіўся з Саудаўскай Арабіяй наконт павелічэньня здабычы нафты і паставак яе на сусьветныя рынкі. Гэта нібыта скончылася тым, што нафта, якая была магутнай крыніцай папаўненьня савецкага бюджэту, упала ў цане ў тры разы, што і прывяло СССР да банкруцтва. На такой вэрсіі настойвае сын Рэйгана Майкл.

Але факты наступныя. За першыя пяць гадоў кіраваньня Рэйгана здабыча нафты ў Саудаўскай Арабіі рэзка ўпала. Цэны падаюць у 1986 годзе, затым аднаўляюцца ў 1987 годзе, а ў 1988 годзе паніжаюцца. Але ўвесь час цэны заставаліся ніжэйшыя за тыя, што былі ў 1985 годзе.

Няма агульнадаступных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што Рэйган прасіў саудаўцаў выкарыстоўваць нафту ў якасьці эканамічнай зброі супраць СССР. Зь іншага боку, ёсьць шырокія публічныя дадзеныя аб тым, што Саудаўская Арабія зьмяняла лічбы здабычы, змагаючыся са сваімі партнэрамі па OPEC.

Падсумоўваючы. СССР сапраўды моцна цярпеў ад ваганьняў цэнаў на нафту. Але ключавую ролю тут адыграў ня Рэйган, а Саудаўская Арабія, баронячы ўласныя інтарэсы.

А за што амэрыканцы ня любяць Рэйгана

Пра гэта ў ЗША напісаныя цэлыя кнігі. Посьпех эканамічнай палітыкі Рэйгана, якую празвалі «рэйганоміка», бясспрэчны: інфляцыя пры ім зьніжалася, беспрацоўе таксама.

Рэйгану часта прыгадвалі, што ён абяцаў скараціць адміністрацыі, а тым часам пры ім чыноўнікаў у фэдэральным урадзе стала яшчэ больш. Ён абяцаў ліквідацыю двух міністэрстваў, а ў выніку стварыў яшчэ адно. За 8 гадоў у Белым Доме ён ані разу не збалянсаваў бюджэт. Пасьля сябе ён пакінуў у тры разы большы доўг, чым атрымаў пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта.

Дык а што ў выніку з «халоднай вайной»

Афіцыйна і ўрачыста канец «халоднай вайны» Міхаіл Гарбачоў і наступнік Рэйгана Джордж Буш-старэйшы, які быў віцэ-прэзыдэнтам пры Рэйгану, абвясьцілі ў 1989 годзе, праз паўгода пасьля сыходу Рэйгана. Але прыхільнікі 40-га прэзыдэнта ЗША і многія гісторыкі сьцьвярджаюць, што менавіта ягоныя посьпехі падрыхтавалі распад СССР, які адбыўся ў 1991 годзе.

Рэйган у Маскве, 1988 год
Рэйган у Маскве, 1988 год

Але ёсьць нюанс

30 ліпеня 1991 году прэзыдэнт Буш-старэйшы наведаў Маскву і сустрэўся з Гарбачовым. Паколькі СССР вісеў ужо на валаску, Буш запэўніў савецкага прэзыдэнта, што распад Савецкага Саюзу не ў інтарэсах ЗША.

1 жніўня Буш выступаў у Кіеве. Падчас прамовы ў Вярхоўным Савеце УССР ён перасьцярог украінцаў ад «самазабойчага нацыяналізму», выступіў супраць выхаду з СССР, назваўшы гэта «безнадзейным курсам ізаляцыі», і падтрымаў Гарбачова, яго ідэю абноўленага СССР. Буш запэўніў, што Амэрыка не падтрымае тых, хто шукае незалежнасьці.

Праз 23 дні Ўкраіна абвесьціць незалежнасьць ад СССР. На наступны дзень тое самае зробіць Вярхоўны савет БССР на «сэсіі Незалежнасьці», якая адбылася з ініцыятывы Беларускага народнага фронту. А ўжо ў сьнежні лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны паставяць апошнюю кропку ў гісторыі СССР, зафіксаваўшы на паперы ў Белавескай пушчы яго распад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG