Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская амбудсмэн паведаміла аб абстрэле аўтобусаў з валянтэрамі, якія спрабавалі праехаць у Чарнігаў. Адзін чалавек загінуў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Пяць аўтобусаў з валянтэрамі, якія спрабавалі праехаць у Чарнігаў для эвакуацыі людзей, патрапілі пад абстрэл. Пра гэта паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай рады па правах чалавека Людміла Дзянісава.

Ва ўмовах ваеннага часу хутка пацьвердзіць ці абвергнуць заявы нават афіцыйных асоб складана.

«Пяць аўтобусаў трапілі пад прыцэльны агонь ворага, калі спрабавалі праехаць у акружаны горад, каб эвакуіраваць людзей. У аўтобусе знаходзіліся толькі цывільныя валянтэры. З прычыны абстрэлу адзін чалавек загінуў, чатыры цяжка паранены», — удакладніла яна.

Паводле інфармацыі Дзянісавай, аднаму з аўтобусаў «удалося вырвацца» на прабітых шынах. Кіроўца быў паранены, яго даставілі ў лякарню.

Упаўнаважаная ВР па правах чалавека адзначыла, што расейскія вайскоўцы «не даюць ніякай магчымасьці вывезьці мірнае насельніцтва з заблякаванага Чарнігава, фактычна трымаючы дзясяткі тысяч людзей у якасьці закладнікаў бязь ежы, вады, цяпла і ў той жа час штодня абстрэльваючы жылыя кварталы зь цяжкай артылерыі».

Яна падкрэсьліла, што такія дзеяньні зьяўляюцца «чарговым ваенным злачынствам і злачынствам супраць чалавечнасьці», і заклікала камісію ААН па расьсьледаваньні парушэньняў правоў чалавека падчас ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўлічыць гэтыя факты.

30 сакавіка кіраўнік Чарнігаўскай абласной адміністрацыі Вячаслаў Чавус напісаў аб сытуацыі ў вобласьці — пасьля заяў расійскага Мінабароны аб скарачэньні войскаў на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках.

«Зьмяншэньне актыўнасьці» на Чарнігаўшчыне вораг прадэманстраваў ударамі па Нежыне, у тым ліку і авія, і ўсю страляў па Чарнігаве. Ізноў зьнішчаны аб’екты грамадзянскай інфраструктуры, зьнішчаны бібліятэкі, гандлёвыя цэнтры і іншыя абʼекты, вельмі шмат дамоў" — напісаў Чавус.

Ён дадаў, што ён не верыць ні ў якія скарачэньні войскаў і ў вобласьці гатовы да любога разьвіцьця падзей.

  • Ва ўмовах ваеннага часу рэдакцыя не можа праверыць дадзеную інфармацыю пра Чарнігаў, але віцэ-прэмʼер Украіны Ірына Верашчук падкрэсьлівала, што гуманітарныя калідоры для эвакуацыі жыхароў Чарнігава так і не ўдалося ўзгадніць. А намесьнік кіраўніка адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага Кірыл Цімашэнка адзначаў, што гэта адбываецца па віне Расеі. Паводле яго слоў, Украіна прыкладае ўсе намаганьні, каб адкрыць калідор з Чарнігава, але Расія «не выконвае дамоўленасьці і не дае гэтага зрабіць: на жаль, акупанты абстрэльваюць з артылерыі ўсе праезды з горада Чарнігава ў Кіеў».
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG