Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў турмы. 25 сакавіка на знак пратэсту ён парэзаў сабе жывот

абноўлена

Алесь Пушкін у залі суду 11 сакавіка 2022, суд Цэнтральнага раёну Менску
Алесь Пушкін у залі суду 11 сакавіка 2022, суд Цэнтральнага раёну Менску

Палітвязень выказаў пратэст на закрытым пасяджэньні суду яшчэ 25 сакавіка, але гэта стала вядома троолькі 30 красавіка, калі быў агучаны вырак.

Мастак Алесь Пушкін, якога судзілі за зачыненымі дзьвярыма, на пасяджэньні 25 сакавіка на знак пратэсту парэзаў сабе жывот, піша Белсат. 30 красавіка яго асудзілі на 5 гадоў турмы.

Пушкін, праўдападобна, парэзаў жывот, каб выказаць пратэст супраць палітычна матываванага перасьледу. За гэта яго на 13 дзён кінулі ў карцэр.

Судзьдзя на працэсе Алена Шылько, пракурор Аляксандар Кароль.

Падчас працэсу затрымалі сястру палітвязьня Сьвятлану за спробу сфатаграфаваць брата. Яе адвезьлі ў Фрунзэнскі РАУС Менска, расказалі праваабаронцы.

Палітвязень зладзіў акцыю пратэсту яшчэ ў першы дзень суду над сабой, 10 сакавіка. Тады ён адмовіўся ўставаць з лаўкі, яго паднялі прымусова, а суд зрабілі закрытым.

У адводзе судзьдзі падсуднаму адмовілі. Затрыманы ў судзе над Пушкіным 73-гадовы мастак Алесь Цыркуноў правёў 15 дзён на Акрэсьціна і ў Магілёве за тое, што размаўляў па-беларуску. Жонку Алеся Пушкіна Яніну тады выдалілі з залі за некалькі словаў, сказаных зьняволенаму мужу.

Справа Алеся Пушкіна

Вядомага беларускага мастака затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Усё адбылося проста ў царкве, на рэстаўрацыі якой Алесь Пушкін працаваў. Да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі Пушкін адмовіўся, яго проста вынесьлі з будынку на руках, а пасьля адправілі ў горадзенскую турму.

За чатыры дні да гэтага пракуратура Горадні завяла супраць Пушкіна крымінальную справу «за зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». У канцы сьнежня 2021 году да гэтага яшчэ дадаўся «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Справу накіравалі ў суд.

Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць мастака, прадугледжваюць пазбаўленьне волі нават да 12 гадоў. Яшчэ нікому з сучасных беларускіх мастакоў не пагражала настолькі суворае пакараньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG