Старшыня суду Чачэрскага раёну Пятро Цыганок вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да траіх маладых людзей. Іх абвінавацілі ў тым, што яны наклеілі некалькі налепак на слупы. Вадзім Дзенісенка атрымаў 2 з паловай гады калёніі агульнага рэжыму, Мікіта Хількевіч і Рыта Зотава — па 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Падрабязнасьці — у матэрыяле Свабоды.
«Наклеілі на слуп, чым парушылі эстэтычнае ўспрыманьне яго іншымі асобамі»
Маладых людзей затрымалі ў чэрвені 2021 году ў Чачэрску. Пасьля трох дзён у ізалятары іх адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Час ад часу іх выклікалі на допыты. 28 сьнежня 2021 году сьледчы «перадумаў» і арыштаваў усіх траіх да суду. 23 сакавіка суд пакараў маладых людзей калёніяй.
У прысудзе зазначана, што Вадзім Дзенісенка «ў нявызначаны час, у нявызначаным месцы, ад невядомых асобаў пры невядомых абставінах» атрымаў ад невядомай асобы налепкі і ўлёткі «з выявамі і тэкстамі пабуджальнага характару», якія ўтрымліваюць «вэрбальныя і невэрбальныя кампанэнты з заклікам да зьдзяйсьненьня дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
У прысудзе зазначана, што на налепках былі выразы «Ўсе на народны сход», «Рыхтуйцеся да сходу», «Жыхары іншых гарадоў — падцягваецеся ў сталіцу», «Салідарнасьць — наша зброя», «Улада паказала зубы — час іх выбіць».
Наклеіўшы налепкі, маладыя людзі, паводле сьледзтва, «разьлічвалі на ўспрыняцьце трэцімі асобамі з мэтай фармаваньня псыхалягічнай устаноўкі аб абавязковым удзеле ў несанкцыянаваных дзеяньнях». Налепкамі на слупах і трансфарматарнай будцы маладыя людзі «парушылі іх эстэтычнае ўспрыманьне іншымі асобамі».
Налепку ўбачыў вартаўнік, сказаў дырэктарцы школы. Тая выклікала міліцыю
У канцы ліпеня 2021 году міліцыя прыйшла да 19-гадовай Рыты Зотавай. Тая вучылася на трэцім курсе псыхалягічнага факультэту ГДУ імя Францыска Скарыны.
Вось што маладыя людзі расказалі на судзе. На пачатку чэрвеня Рыта гуляла зь сябрамі — Вадзімам і Мікітам. У Вадзіма ў заплечніку быў канвэрт з налепкамі, які ён, як сам сьцьвярджае, знайшоў у паштовай скрыні. Маладыя людзі палілі вогнішча і кідалі ў яго налепкі. Некалькі налепак засталося. Ідучы дахаты, маладыя людзі наклеілі іх на слупе каля школы. Налепку ля школы заўважыў вартаўнік. Ён далажыў пра гэта дырэктарцы школы. Тая выклікала міліцыю. Маладых людзей вылічылі па камэрах назіраньня.
Усе трое вучыліся ў школе №2, дырэктарка якой Вольга Цалко і выклікала міліцыю.
«Яна зусім дзіця! У турме ёй страшна, яна плача!»
«Рыта — хатняе дзіця. Яна нідзе не пападалася раней. Вучылася, прыяжджала да маці на выходныя. Яна адзіная дачка ў маці. З татам маці ў разводзе. І такое здарылася. Яна ў той турме — гэта проста жах для яе. Рыце страшна там, яна плача. Тут яшчэ і два гады далі. За што? Яна там хварэе, у яе раней знайшлі праблемы са шчытападобнай залозай», — расказала Свабодзе сваячка Рыты.
Свой 20-ты дзень нараджэньня, 25 студзеня, Рыта «сьвяткавала» ў турме.
«Яна на судзе казала, і хлопцы казалі, што Рыта толькі дзьве налепкі наклеіла. Хлопцы таксама казалі, што налепак было некалькі. Ніякіх улётак у іх не было. Я так разумею, што на іх павесілі ўсе ўлёткі і налепкі, якія толькі зьяўляліся ў горадзе. Калі іх забралі 28 сьнежня ў СІЗА, то бедная яе маці не магла перадаць ніякай перадачы — бо то да 12 працаваў ізалятар, то навагоднія сьвяты пачаліся там. Шэсьць дзён Рыта была безь нічога, у капронавых калготках і туфлях на абцасе, бо яе выклікалі ў СК проста з пар ва ўнівэрсытэце і «закрылі», — расказвае сваячка.
Яна кажа, што Рыта даўно сябравала зь Мікітам. Вадзім быў іх прыяцель. У яго дома засталася жонка і малое дзіця. «На судзе казалі, што яны сапсавалі слупы! Гэта як? На тых слупах заўсёды нехта нешта клеіць, абвесткі вешаюць. Цяпер Рыта ў турме... Яна плача, маці плача. Потым як могуць супакойваюць празь лісты адна адну», — дадала сваячка.
Сваякі абвінавачаных будуць абскарджваць прысуд.
«Там такое напісана! Што яны папярэдне змовіліся, што дзейнічалі наўмысна, што хацелі арганізаваць беспарадкі. Дзе такое было? У іх забралі і праверылі тэлефоны. Там нідзе ў перапісках не было нічога ані пра налепкі, ані пра „пляны“ зрабіць беспарадкі», — кажа сваячка.