Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO працягне падтрымку Ўкраіны, але не адправіць туды войска


Джо Байдэн і Енс Столтэнбэрг
Джо Байдэн і Енс Столтэнбэрг

Лідэры дзяржаў NATO на саміце ў Брусэлі ў чацьвер дамовіліся ўмацаваць бясьпеку краін — чальцоў Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе перад абліччам расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У прыватнасьці, у Румыніі, Баўгарыі, Вугоршчыне і Славаччыне будуць разьмешчаныя новыя баявыя групы NATO.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг на прэс-канфэрэнцыі пасьля саміту заявіў, што Паўночнаатлянтычны альянс працягне падтрымліваць Украіну, у прыватнасьці пастаўкамі зброі і абсталяваньня. Ён таксама папярэдзіў Расею аб наступствах магчымага выкарыстаньня хімічнай зброі ці любой іншай зброі масавага паражэньня.

Пры гэтым кіраўнік NATO заявіў, што саюзьнікі па-ранейшаму выступаюць супраць далейшай эскаляцыі канфлікту, але ня будуць накіроўваць ва Ўкраіну войскі ці ўводзіць беспалётную зону. Ён падкрэсьліў, што гэта пагражае прамым сутыкненьнем войскаў NATO і Расеі. Раней Польшча прапанавала адправіць ва Ўкраіну міратворчую місію, аднак гэтая прапанова на саміце актыўна не абмяркоўвалася.

На прамое пытаньне аб тым, ці атрымае Ўкраіна ад Паўночнаатлянтычнага альянсу тое ўзбраеньне, якое запрошваў раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, Столтэнбэрг сказаў, што ня будзе раскрываць дэталі.

У заяве лідэраў NATO гаворыцца аб асуджэньні расейскай агрэсіі супраць Украіны, у ёй таксама зьмяшчаецца заклік неадкладна спыніць баявыя дзеяньні і вывесьці войскі з украінскай тэрыторыі. «Украінцы натхнілі сьвет сваім гераічным супрацівам супраць жорсткай захопніцкай вайны з боку Расеі», — гаворыцца ў заяве. У ёй таксама гаворыцца аб магчымых ваенных злачынствах, учыненых ва Ўкраіне.

«Рашэньне прэзыдэнта Пуціна напасьці на Ўкраіну — стратэгічная памылка з сур’ёзнымі наступствамі для самой Расеі і яе народу», — падкрэсьліваюць лідэры NATO.

Раней было абвешчана, што ў сувязі са збройным канфліктам ва Ўкраіне мандат Столтэнбэрга на пасадзе генсакратара NATO будзе працягнуты на год, да восені 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG