Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі параўнаў расейскую вайну ва Ўкраіне і Другую сусьветную, выступаючы перад Кнэсэтам


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі параўнаў поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну з Другой сусьветнай вайной падчас відэазвароту да парлямэнту Ізраіля (Кнэсэту).

Па словах прэзыдэнта Ўкраіны, дата 24 лютага «ўвайшла ў гісторыю двойчы і абодва разы як трагедыя — для ўкраінцаў, габрэяў, для Эўропы, сьвету».

«24 лютага 1920 году была заснаваная Нацыянал-сацыялістычная партыя Нямеччыны, партыя, якая забрала мільёны жыцьцяў і зьнішчыла народы. 24 лютага 2022 года быў выдадзены крымінальны загад аб пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну», — гаворыцца ў заяве, якая трансьлявалася на ўкраінскім тэлемаратоне.

У той жа час, паводле слоў прэзыдэнта, Украіна ні пры якіх абставінах ня можа адмовіцца ад сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці на гэтых перамовах.

Зяленскі назваў уварваньне Расеі ва Ўкраіну «маштабнай і подлай вайной, накіраванай на зьнішчэньне нашага народу — нашых дзяцей, нашых сем’яў, нашай дзяржавы, нашых гарадоў, суполак, нашай культуры, усяго, што робіць украінцаў украінцамі».

«Таму я маю права на гэтую паралель і гэта параўнаньне нашай гісторыі і вашай гісторыі, нашай вайны за выжываньне і Другой сусьветнай вайны. Паслухайце, што кажа Крэмль, ёсьць тэрміны, якія тады прагучалі», — сказаў прэзыдэнт, нагадаўшы нацысцкі тэрмін «канчатковае рашэньне габрэйскага пытаньня», і словы пра «канчатковае рашэньне ўкраінскага пытаньня», якія гучаць у Крамлі.

Мэр Тэль-Авіва Рон Хулдай заявіў, што выступ Зяленскага будзе трансьлявацца ў прамым эфіры ў цэнтры горада.

Зяленскі ўжо зьвяртаўся да некалькіх заканадаўчых органаў у іншых краінах, уключаючы Кангрэс ЗША, Палату грамадаў Вялікай Брытаніі і нямецкі Бундэстаг, з 24 лютага, калі расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну.

Больш за мільён з 9,5 мільёна жыхароў Ізраілю маюць карані ў Расеі і іншых краінах былога Савецкага Саюзу.

Урад прэмʼер-міністра Ізраілю Нафталі Бэнэта спрабуе захаваць нэўтралітэт у вайне паміж Украінай і Расеяй, спасылаючыся на шчыльныя сувязі з абедзьвюма краінамі.

Бэнэт спрабаваў стаць пасярэднікам паміж двума бакамі і правёў тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Зяленскім і прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Ён таксама сустрэўся з Пуціным у Маскве 5 сакавіка.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG