Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветную прэм’еру «Сабак Эўропы» ў лёнданскім тэатры Barbican паглядзелі тысячы чалавек


 Фота: Linda Nylind
Фота: Linda Nylind

У Лёндане ў самым прэстыжным брытанскім тэатры Barbican 10-12 сакавіка адбылася сусьветная прэм’ера спэктаклю Беларускага свабоднага тэатру «Сабакі Эўропы» паводле аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча.

Усе спэктаклі адбываліся пры поўнай залі, якая ўмяшчае 1156 гледачоў. Яшчэ тысячы глядзелі жывую трансльяцыю ў YouTube. Упершыню ў гісторыі тэатру Barbican зь яго сцэны гучала беларуская мова. Музычнае афармленьне стваралі Марычка і Марк Марчыкі (гурт Balaklava Blues). Відэапраекцыю падрыхтаваў Раман Любы, які цяпер змагаецца ў шэрагах украінскай тэрытарыяльнай абароны.

Тэатральныя крытыкі вядучых брытанскіх выданьнях у сваёй ацэнцы былі аднадушныя — усе рэцэнзэнты далі спэктаклю чатыры зоркі зь пяці. Вось як пабачылі працу Беларускага свабоднага тэатру крытыкі, якія пабывалі на прэм’еры.

WhatsOnStage:

«Эпічны раман Альгерда Бахарэвіча, які ляжыць у аснове ашаламляльна магутнай новай п’есы Беларускага свабоднага тэатру, быў апублікаваны ў 2017 годзе, але ў сьвятле бягучых сусьветных падзеяў уражвае жахлівай празорлівасьцю. Сярэдзіна ХХІ стагодзьдзя, і Расея акупавала суседнія краіны, выкараняючы жыцьцё, абрынаючы цывілізацыю ў хаос.

Гэтая бязьлітасна рэальная, сьмелая і патрабавальная новая вэрсія спэктаклю (упершыню ён быў пастаўлены ў Менску ў 2020 годзе як выклік дыктатару Лукашэнку) зьявілася ў вельмі дарэчны час сучаснай гісторыі. Гэтая тэатральная праца дасьледуе, што адбываецца, калі мы перастаём думаць пра сьвет, у якім жывём, і гэта адначасова і папярэджаньне, і заклік да зброі».

The Guardian:

«Пасьля падпольных выступаў у менскіх гаражах і складах яны нібы вырваліся на гэтую вялікую прасторную сцэну. Нібы выпушчаны з бутэлькі джын — фэерычны выбух гукаў і відовішчаў.

Казачная вобразнасьць мяшаецца з абсурдысцкім гумарам і іншаказальнымі дыялёгамі, якія гучаць як бязладнае трызьненьне. Гэтыя элемэнты нібыта выклікаюць неўразуменьне — адлюстроўваючы нелягічнасьць дыктатуры — але ўсё гэта разам у спэктаклі ўзьдзейнічае так, што займае дух ад гэтай нудлівай напружанасьці, яно выклікае фрустрацыю і кідае выклік лёгіцы».

The Reviews Hub:

«Беларускі свабодны тэатар расказвае сваю гісторыю музыкай, рухамі і вялікай порцыяй эўрапейскага абсурдызму. Калі дзейныя асобы размаўляюць між сабою, яны пры гэтым абавязкова робяць нешта яшчэ: б’юцца, выпіваюць або займаюцца сэксам. Галавакружны досьвед для гледачоў, якія мусяць сачыць за вірам актораў на сцэне і спрабаваць пасьпець за субтытрамі, што на экране за імі.

Як падказвае сама назва, „Сабакі Эўропы“ насамрэч зусім не пра Расею. Гэта заклік да Эўропы абудзіцца і пачаць зноў верыць і чытаць. Мы на Захадзе ня думаем, што паэзія на нешта можа паўплываць. Магчыма, Ейтс быў апошнім паэтам, які думаў, што паэзія можа зьмяніць сьвет, але ў элегіі Одэна ёсьць словы „Бо паэзія ні на што не ўплывае“. Будзем спадзявацца, што захапляльная і грандыёзная п’еса Беларускага свабоднага тэатру здольная натхніць на перамены. Одэн напісаў свой верш Ейтсу на пачатку Другой сусьветнай вайны, дзе „у кашмары цемры / брэшуць усе сабакі Эўропы“. Ці чуеце вы іхны брэх цяпер?»

«Трывожная драма, якая прадбачыла вайну ва Ўкраіне» — такі загаловак рэцэнзіі ў The Telegraph. З усёй рэцэнзіі дастаткова падаць хоць бы толькі пытаньне, якім яна пачынаецца: «Ці можна лічыць „Сабакаў Эўропы“ самай злабадзённай тэатральнай пастаноўкай сучаснасьці?»

Broadway World:

«Іх новая п’еса „Сабакі Эўропы“ — гэта магутная какафонія бязьлітасна праўдзівай вобразнасьці, музыкі і паэзіі, якая малюе непазбыўную карціну разбураных ідэнтычнасьцяў, народаў і наратываў. Глядзець гэта страшнавата, бо гэта наша ўсё больш адчувальная будучыня. Пастаўленая ўпершыню ў Менску ў 2020-м, гэтая алегорыя рэжысэраў Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды стала прароцтвам на фоне працягу жорсткага ўварваньня ва Ўкраіну».

Time Out:

«Даўно адкладаная эпічная п’еса Беларускага свабоднага тэатру „Сабакі Эўропы“ — амаль неапісальна велізарная, гэта бязьмежнае пранізьлівае вар’яцтва, якое працягваецца звыш абвешчаных трох гадзінаў і стварае ўражаньне, што ты сам яго перажываеш.

Вядома, і п’еса і кніга зьвяртаюць вельмі сур’ёзную ўвагу на здушэньне рэпрэсіўным прарасейскім рэжымам беларускай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Тое, што сама кніга цяпер у Беларусі забароненая, яшчэ больш гэта падкрэсьлівае ва ўсёй непрыхаванай дэпрэсіўнасьці. Але падаючы гэтую гісторыю як моташлівую прывідную казку, творцам удалося зрабіць яе нечым больш велічным і больш містычным за просты агітпроп, гэта трывожны, гульлівы, прывідны рэквіем ня толькі па Беларусі, але па культуры і нацыянальных ідэнтычнасьцях наагул».

Evening Standard:

«У першы вечар у чацьвер трупа і арт-дырэктарка Натальля Каляда, выйшаўшы пасьля спэктаклю на паклон публіцы, выказалі салідарнасьць з Украінай на слоўным фронце: „Там, дзе гараць кнігі, з часам будуць гарэць і людзі“. Гэта неадкладны арганічны адказ на крызіс, пра набліжэньне якога неймаверна адважны Беларускі свабодны тэатар столькі гадоў нас папярэджваў».

The Stage:

«Гэтaя амаль трохгадзінная антыўтапічная эпапэя Беларускага свабоднага тэатру стала б уражальным відовішчам і ў любых іншых абставінах, але падзеі ў сьвеце зрабілі яе трывожным прароцтвам. „Сабакі Эўропы“ — гэта папярэджаньне зь мінулага аб уяўнай будучыні, якая прама гаворыць з нашай сучаснасьцю, і аб трагедыі, якая ў нашы дні разгортваецца ў Эўропе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG