Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША памёр мужчына, якому першаму перасадзілі сэрца сьвіньні


Дэвід Бэнэт (справа) перад апэрацыяй.
Дэвід Бэнэт (справа) перад апэрацыяй.

У ЗША памёр 57-гадовы Дэвід Бэнэт, якому 7 студзеня першым перасадзілі сэрца генэтычна мадыфікаванай сьвіньні.

Як паведамляецца на сайце мэдычнага цэнтру Ўнівэрсытэту Мэрылэнду, стан Бэнэта пачаў пагаршацца некалькі дзён таму. Пасьля таго, як стала ясна, што яму ня будзе лепш, мужчыну аказалі паліятыўную дапамогу. Ён змог паразмаўляць са сваёй сям’ёй у апошнія гадзіны свайго жыцьця, гаворыцца ў паведамленьні. Дактары пакуль яшчэ не назвалі дакладную прычыну сьмерці.

У Бэнэта была арытмія і ўпершыню ён стаў пацыентам бальніцы ў кастрычніку 2021 году. Перасадзіць чалавечае сэрца яму было немагчыма, таму перасадка сэрца генэтычна мадыфікаванай сьвіньні быо адзіным варыянтам. Пры гэтым Дэвід Бэнэт быў інфармаваны пра рызыку працэдуры. 10 студзеня 2022 года ўнівэрсытэцкі цэнтар паведаміў, што праз тры дні пасьля трансплянтацыі сэрца Бэнэт адчуваў сябе добра.

«Мы спустошаныя стратай спадара Бэнэта. Ён аказаўся сьмелым і высакародным пацыентам, які змагаўся да канца», — адзначыў лекар Бартлі Грыфіт, які праводзіў апэрацыю па перасадцы сэрца.

Паводле сына Бэнэта, яго сямʼя спадзяецца, што гэта дапаможа ў далейшых намаганьнях па вырашэньні пытаньня недахопу органаў для перасадкі. «Мы ўдзячныя за кожны інавацыйны момант, за кожную варʼяцкую мару, за кожную бяссонную ноч, якая прывяла да гэтага гістарычнага кроку, — цытуе словы Дэвіда Бэнэта-малодшага The Guardian. — Мы спадзяемся, што гэтая гісторыя можа стаць пачаткам надзеі, а не канцом».

Як паведамлялася ў студзені, сэрца, якое перасадзілі Дэвіду Бэнэту, належала сьвіньні, якая была генэтычна зьменена, каб блякаваць ген, які вырабляе пэўны цукар, які можа выклікаць моцны імунны адказ і адрынаньне органаў. Лекары таксама давалі пацыенту лекі разам са звычайнымі прэпаратамі супраць адрынаньня, каб здушыць імунную сыстэму і прадухіліць адрынаньне органа.

Бэнэт пагадзіўся на экспэрымэнтальную працэдуру пасьля таго, як усе іншыя спосабы лячэньня аказаліся неэфэктыўнымі і ён ня мог атрымаць донарскае сэрца праз занадта дрэнны стан здароўя.

«Выбар быў просты: памерці або зрабіць гэтую трансплянтацыю, — казаў Дэвід Бэнэт перад апэрацыяй. — Я хачу жыць. Я ведаю, гэта скачок у невядомае. Але гэта мой адзіны выбар».

  • Летась больш за 41 тысячу амэрыканцаў атрымалі донарскі орган. Каля чатырох тысяч амэрыканцаў правялі трансплянтацыю сэрца. Але патэнцыйны попыт на донарскія органы значна вышэйшы. У апошняе дзесяцігодзьдзе актыўна вядуцца экспэрымэнты са сьвіньнямі, падчас якіх з дапамогай геннай інжынэрыі навукоўцы спрабуюць вывесьці жывёлаў, органы якіх не будуць адрынацца арганізмам чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG