Злучаныя Штаты адрынулі прапанову Польшчы аб перадачы Кіеву вайсковых самалётаў савецкай вытворчасьці праз ЗША.
«Польская прапанова не ўяўляецца нам выканальнай», — заявіў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі.
Раней польскі МЗС паведаміў, што ўлады краіны гатовыя неадкладна і бязвыплатна адправіць усе свае самалёты МіГ-29 у Нямеччыну на авіябазу Рамштайн і перадаць іх у распараджэньне ЗША. Польшча заклікала і іншых сяброў NATO, якія маюць такія самалёты, зрабіць тое самае.
Пры гэтым Польшча папрасіла, каб перададзеныя самалёты былі замененыя ёй на раўнацэнныя мадэлі амэрыканскай вытворчасьці.
Як зазначаецца ў заяве Кірбі, пэрспэктыва таго, каб зьнішчальнікі, «якія знаходзяцца ў распараджэньні ўраду ЗША», адпраўляліся з базы ЗША і NATO ў Нямеччыне ва Ўкраіну, дзе Расея вядзе баявыя дзеяньні, «выклікае сур’ёзную занепакоенасьць ва ўсяго альянсу».
«Абгрунтаванасьць такога кроку ня бачыцца нам відавочнай», — падкрэсьліў ён і сказаў, што ЗША працягваюць кансультацыі з Польшчай і іншымі саюзьнікамі па NATO ў гэтым пытаньні.
Ён таксама падкрэсьліў, што «рашэньне аб перадачы Ўкраіне самалётаў, якія належаць Польшчы, застаецца за польскім урадам».
Яшчэ ў нядзелю Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен казаў, што ЗША актыўна працуюць над тым, каб кампэнсаваць Польшчы баявыя самалёты, калі тая вырашыць перадаць свае Ўкраіне.