Уладзімір Пуцін падчас тэлефонных перамоваў з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам заявіў, што ваенная «спэцапэрацыя» расейскіх войскаў ва Ўкраіне можа быць прыпыненая «толькі ў выпадку спыненьня Кіевам баявых дзеяньняў і выкананьня добра вядомых патрабаваньняў Расеі». Як паведаміла прэс-служба Крамля, Пуцін сказаў Эрдагану, што расейская «спэцапэрацыя» ідзе паводле пляну і ў адпаведнасьці з графікам.
Паводле канцылярыі турэцкага прэзыдэнта, Эрдаган заявіў аб гатоўнасьці спрыяць мірнаму ўрэгуляваньню сытуацыі.
- Раней Эрдаган заяўляў, што Захад не дэманструе рашучасьці што да Ўкраіны і крытыкаваў NATO і ЭЗ за тое, што яны не аказваюць Украіне «дастатковай дапамогі». У той жа час Турэччына адмовілася далучыцца да санкцыяў супраць Расеі. Тым ня менш Уладзімір Зяленскі казаў, што ня многія лідэры здольныя данесьці прэзыдэнту Расеі разуменьне, што трэба скончыць вайну. Паводле яго, Эрдаган – адзін з тых, у каго ёсьць такая магчымасьць.
- Канцылярыя прэзыдэнта Турэччыны раней паведамляла, што падчас папярэдняй размовы з Пуціным Эрдаган перадаў яму словы прэзыдэнта Ўкраіны аб гатоўнасьці сустрэцца для прамых перамоваў.
- У канцы лютага Эрдаган абмеркаваў па тэлефоне расейскую вайну ва Ўкраіне з Лукашэнкам.
У размове з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам Пуцін паведаміў, што Запароская АЭС працуе ў штатным рэжыме, радыяцыйны фон у норме, заявіў, што ня супраць сустрэчы ў фармаце МАГАТЭ-РФ-Украіна, але не ў Чарнобылі, а ў фармаце відэаканфэрэнцыі ці ў трэцяй краіне, а таксама выказаў гатоўнасьць да працягу дыялёгу з украінскім бокам «пры безумоўным выкананьні расейскіх патрабаваньняў».