«Учора з зоны баявых дзеяньняў былі выведзеныя салдаты тэрміновай службы. Іх прымусілі падпісаць кантракт або за іх падпісвалі. Але толькі ў выніку з роты ў сто чалавек жывыя засталіся чацьвёра», — заявіла Нарусава. Да гэтага яна задала калегам пытаньне, хто павінен вызначаць дакладнасьць зьвестак, якія датычацца расейскіх вайскоўцаў ва Украіне. Яна таксама нагадала, што раней падымала пытаньне аб законнасьці ўдзелу ў такіх апэрацыях салдатаў тэрміновай службы.
Як вынікае з словаў Людмілы Нарусавай, прыведзеныя ў пятніцу зьвесткі аб стратах яна атрымала ад «вайсковага ведамства», куды зьвярнулася разам зь Віктарам Бондаравым, які ўзначальвае камітэт абароны і бясьпекі Савету Фэдэрацыі.
Міністэрства абароны Расеі адмаўляе ўдзел прызыўнікоў у вайне на тэрыторыі Ўкраіны.
4 сакавіка Савет Фэдэрацыі сьледам за Дзяржаўнай Думай ухваліў папраўкі да Крымінальнага кодэксу аб пакараньні за распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі аб дзеяньнях расейскіх вайскоўцаў, дыскрэдытацыю Ўзброеных сілаў і заклікі да антырасейскіх санкцыяў. Увечары 4 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон.
За публічнае пашырэньне так званых «фэйкаў» аб вайскоўцах прадугледжана максымальнае пакараньне ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- Улады Ўкраіны пасьля пачатку вайны 24 лютага заяўлялі аб значных стратах сярод расейскіх салдатаў. Паводле гэтых зьвестак, забітыя каля шасьці тысяч вайскоўцаў.
- 2 сакавіка Міністэрства абароны Расеі ўпершыню абнародавала свае зьвесткі пра страты расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Яно паведаміла, што забітых — 498, параненых — 1597 чалавек.