Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр журналіст і пісьменьнік Аляксандар Тамковіч

абноўлена

Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

Тамковіч доўгі час змагаўся зь цяжкай хваробай, апошнія тыдні ён ляжаў у лякарні.

Пайшоў з жыцьця вядомы беларускі журналіст і пісьменьнік Аляксандар Тамковіч, піша «Наша ніва». Яму было 59 гадоў.

Разьвітаньне з Аляксандрам Тамковічам адбудзецца ў суботу, 5-га сакавіка а 10:00 ў касьцёле Сьвятога Роха ў Менску (на Залатой Горцы, праспэкт Незалежнасьці 44а). Імша пачнецца аб 11-й. Пахаваюць яго ў родных Ашмянах.

Тамковіч займаўся стварэньнем сэрыі кніг «Найноўшая гісторыя ў асобах», у якой зьбіраў гісторыі вядомых людзей, уключна з палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі. Як журналіст працаваў шмат гадоў, у прыватнасьці для «Свободных новостей». Быў адным з аўтараў сэрыі кніг «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», выдадзеную безь дзяржаўных сродкаў. Пісаў кнігу пра Чарнобыльскую АЭС.

Як расказвала ў кастрычніку 2021 году Свабодзе жонка журналіста Ірына Тамковіч, Аляксандар двойчы хварэў на COVID-19, перанёс інфаркт, у яго таксама выявілі дыябэт. Летась Тамковіч 10 разоў трапляў у шпіталь з рознымі праблемамі.

Аляксандар Тамковіч нарадзіўся 9 лістапада 1963 году ў Ашмянах. У 1982-1983 служыў у марской інжынэрнай службе Паўночнага флёту СССР. У 1983 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча, якое скончыў з дыплёмам з адзнакай у 1987 годзе. У 1987 годзе адразу пасьля сканчэньня вучылішча быў накіраваны на пасаду карэспандэнта газэты Беларускай вайсковай акругі «Во славу Родины». Пасьля путчу 1991 году ў знак пратэсту звольніўся з вайсковай службы, выйшаў з КПСС і стаў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Свободные новости».

У 2001 стварыў і ўзначаліў газэту «День», якая была ліквідаваная ўладамі ў 2004 годзе. У 2006 годзе за нарыс у газэце «Новы час» на Александра Тамковіча падаў у суд генэрал-сэнатар-пісьменьнік Мікалай Чаргінец. У пазове Чаргінец дамагаўся выплаты 100 мільёнаў рублёў. Нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці (адмысловы ліст з гэтай нагоды даслаў Камісар Эўразвязу па замежнай палітыцы і абароне Хавіер Саляна), суд у Беларусі прызнаў журналіста вінаватым.

У 2002-м Тамковіч цяжка захварэў і атрымаў другую групу інваліднасьці. Акрамя згаданых вышэй кніг, выдаў «Судьбы» (2006), "Женщины«(2007), «Асобы» (2008), «Будзіцелі» (2009), «Інтэрвію, якіх не было» (2009), «Арытмія, альбо Код супраціву» (2012), «Преодоление» (2012), «Жыцьцё пасьля кратаў» (2013), «Няскораны Марыніч. Гісторыя ў фота» (2015). Некалькі кніг Тамковіча перакладзеныя на ангельскую мову.

Уладальнік прэміі імя Алеся Адамовіча, дыплёму імя Юрыя Захаранкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG