Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Львова засталіся ва Ўкраіне і сталі на яе абарону: «Сапраўдныя беларусы — за Ўкраіну!» ВІДЭА

Львоў 25 лютага, праз суткі пасьля пачатку расейскай поўнамаштабнай агрэсіі на тэрыторыю Ўкраіны
Львоў 25 лютага, праз суткі пасьля пачатку расейскай поўнамаштабнай агрэсіі на тэрыторыю Ўкраіны

Грамадзяне Беларусі, якія пасьля ўдзелу ў выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі вымушаныя былі ўцякаць ва Ўкраіну ад рэпрэсіяў і спыніліся ў Львове, заявілі, што застаюцца на ўкраінскай тэрыторыі і разам з украінцамі будуць яе абараняць.

«Мы ня зьехалі і будзем тут, разам з вамі, у гэтыя цяжкія часы. Мы займаемся валянтэрствам, пайшлі ў тэрытарыяльную абарону і ў патрульную службу, працуем на фронце інфармацыйнай вайны», — адзначылі беларусы ў сваім відэазвароце да ўкраінцаў.

Беларусы таксама паведамілі, што здаюць кроў і зьбіраюць лекі, рэчы і грошы для ўкраінскай арміі, вяжуць маскавалныя сеткі і разьліваюць «бандэраўскія смузі».

«Мы тут, мы з вамі — і гатовыя адбіваць наступ ворага», — падкрэсьлілі грамадзяне Беларусі.

Беларусы расказваюць украінцам, што вымушаны былі ўцякаць ва Ўкраіну, бо ім пагражала крымінальная адказнасьць за барацьбу з рэжымам Лукашэнкі. Яны выказалі ўдзячнасьць Украіне за прытулак і магчымасьць дыхаць вольным паветрам.

«Лукашэнка не прадстаўляе народ Беларусі. Лукашэнка не прэзыдэнт. Гэта ўзурпатар і пуцінская марыянэтка, якая прадстаўляе толькі сябе і сваю хеўру. Сапраўдныя беларусы — з украінцамі. Сапраўдныя беларусы — за Ўкраіну. Пуціну трэба, каб мы пасварыліся, але лукашэнкі і пуціны сыходзяць, а беларусам з украінцамі наканавана жыць побач доўгія вякі у сяброўстве і братэрстве. Разам назаўжды!»

«Мы — разам! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне! Героям слава!»

XS
SM
MD
LG