Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён быў у шоку ад навінаў пра вайну». Ігар Лосік за кратамі 615 дзён


Ігар Лосік
Ігар Лосік

Жонка палітзьняволенага журналіста «Свабоды» расказала, што вязьні амаль нічога ня ведаюць пра падзеі ва Ўкраіне.

Дар’я Лосік атрымала чарговае спатканьне з мужам, палітзьняволеным журналістам Свабоды Ігарам Лосікам. Дата разгляду апэляцыйнай скаргі на вырак Ігару, якога асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі, па-ранейшаму невядомы. Родныя працягваюць езьдзіць да яго на спатканьні і вазіць перадачы з Баранавічаў у Гомель.

«Ігар ужо паправіўся ад каранавірусу, ужо ўсё добра, — гаворыць Дар’я. — У мяне была магчымасьць расказаць яму, што адбываецца ва Ўкраіне. Быў вельмі зьдзіўлены. Таму што ў тых газэтах, якія можна туды выпісваць, пішуць абсалютна супрацьлеглае. У дадатак вельмі моцна блякуюць перапіску. Я думаю, што гэта зьвязана і з рэфэрэндумам, і з вайной ва Ўкраіне».

Дар’я расказвае, што цяпер да Ігара даходзяць лісты толькі ад родных. Ён вельмі просіць пісаць яму больш, «каб прарваць гэтую блякаду».

«Ігар вельмі прасіў мяне расказваць як мага больш навінаў, — працягвае Дар’я. — Бо нехта зь ягоных сукамэрнікаў быў на спатканьні і яму там расказалі, што пачалася вайна. Ігар пачытаў газэты, а там нічога. Там пішуць, што праходзіць ваенная апэрацыя на Данбасе — для „дэнацыфікацыі Ўкраіны“. Я яму расказала, што адбываецца папраўдзе. Ігар слухаў і быў у шоку. Пра санкцыі, якія зараз пагражаюць і Расеі, і Беларусі, таксама яму расказала. Ігар адказаў, што вось, маўляў, каб іх увесьці, трэба было дачакацца, каб нехта некага пачаў бамбіць».

Дар’я згодная з мужам, што Захад мог рэагаваць раней на тое, то адбываецца, і не чакаць паўнавартаснай вайны.

Ігара Лосіка працягваюць утрымліваць у СІЗА-№ Гомля. Па словах Дар’і Лосік, гукаў вайны ў горадзе не чуваць, аднак на вуліцах вельмі шмат вайсковай тэхнікі з пазнакай «V». У родных для Ігара і Дар’і Баранавічах пастаянна чуваць гул вайсковых самалётаў.

Напісаць Ігару можна на адрас: СІЗА-3, 246003, Гомель, вуліца Кніжная, 1А.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG