Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замену такім людзям знайсьці немагчыма». Расказваем пра супрацоўнікаў «Нашай нівы» Марціновіча і Скурко, якіх сёньня пачынаюць судзіць


Журналісты «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко
Журналісты «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко

28 лютага ў судзе Заводзкага раёну Менску ў 14:30 пачынаюць судзіць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэклямы выданьня Андрэя Скурко.

Апавядаем пра людзей, якія стаялі на абароне свабоды слова для беларусаў.

«Мы ведалі, што б ні здарылася, ён за нас заступіцца»

«Для нас была вялікая радасьць, калі Ягор узначаліў „Нашу ніву“. Гэтая навіна стала сапраўдным сыгналам, што ў гэтым выданьні магчыма ўсё», — кажа пра Ягора Марціновіча дырэктарка «Нашай нівы» Наста Роўда.

Дырэктар «Нашай Нівы» Настасься Роўда
Дырэктар «Нашай Нівы» Настасься Роўда

Яна зазначае, Ягор у рэдакцыі быў «сьцяной», за якую заўсёды было можна схавацца».

«Ён заўжды мужна вырашаў любыя праблемы, якія зьяўляліся на нашым творчым складаным шляху. У Беларусі заўсёды працаваць было цяжка, розныя былі сытуацыі і выпрабаваньні. Тым ня менш Ягор захоўваў нейкі аптымізм і абсалютны спакой. Ён глядзеў на любыя абставіны як на часовыя нязручнасьці, якія можна пераадолець. У працы мы ведалі, што, па-першае, Ягор усё зможа вырашыць. А па-другое, што б ні здарылася, ён за нас заступіцца».

Наста падкрэсьлівае, што для яе Ягор ня толькі выдатны калега, але і сапраўдны сябра.

«Мы зь ім вельмі шмат краінаў аб’езьдзілі разам. У яго ёсьць неймаверная цяга да турызму, адкрыцьця іншых культур. У Ягора такі лад жыцьця, да якога ён усіх падключаў. Усе людзі, якія знаёмыя з Марціновічам, ведалі ягоныя захапленьні, і многія зь іх станавіліся часткай ягоных прыгодаў. Напрыклад, менавіта ён навучыў мяне падарожнічаць і не баяцца гэтага».

Ягор Марціновіч
Ягор Марціновіч

Калі пачалася пандэмія каранавірусу і закрылі межы, падарожнічаць стала больш складана. Для Ягора гэта стала драмай, гаворыць Наста, аднак ёй змог знайсьці выйсьце з сытуацыі.

«Ён вырашыў абʼезьдзіць усю Беларусь. І да апошняга, ведаючы што яго могуць у любы момант затрымаць, ён думаў: „У мяне ёсьць яшчэ адныя выходныя на свабодзе, і я павінен іх правесьці з карысьцю“. Сядаў у машыну і ехаў. У хуткім часе мы зразумелі, што справа ідзе да разгрому нашай рэдакцыі. Так яно і адбылося. І вось а 8-й раніцы 8 ліпеня мінулага году да яго прыйшлі. Пасьля гэтага мы сталі ратаваць людзей. Мы панесьлі вялікія страты, якія кампэнсаваць ня можам да сёньня. Замену такім людзям знайсьці цяжка, а нават немагчыма», — кажа Наста.

Вядома, што Ягор прынцыпова заставаўся ў Беларусі, нават ведаючы, што яму як кіраўніку незалежнага выданьня пагражае жорсткі перасьлед.

«Але нават больш, — камэнтуе ягонае рашэньне Наста Роўда. — Ягор такі чалавек, які і зь Беларусі выехаў бы апошні. Нават калі б усе іншыя выехалі. Ён казаў: „Я буду [у Беларусі] да канца, што б ні адбылося“. Таму і ўся каманда сьмела заставалася, таму што ведала: ёсьць Ягор, зь якім не прападзём; калі што, ён прыме на сябе ўвесь удар».

У няволі Ягор ужо больш за паўгода. Яго і раней затрымлівалі: падчас жнівеньскіх падзей 2020 году і ў верасьні. Некалькі дзён ён правёў у зьняволеньні.

«Мне вельмі складана ўявіць яго ў гэтай замкнутай прасторы, — кажа Наста Роўда. — Мне здаецца, што гэта для яго будзе самым цяжкім выпрабаваньнем, калі ён абмежаваны ў руху і дзеяньнях. Добра, што ў яго ёсьць тэлевізар, таму што для Ягора вельмі важна ведаць, што адбываецца ў сьвеце, і ён мае выдатныя фільтры на прапаганду».

Таксама дзякуючы тэлевізіі Ягор меў магчымасьць глядзець футбол. Гэта адно з самых вялікіх захапленьняў Ягора, удакладняе Наста.

«У вольны час ён піша лісты, — расказвае пра сябра і калегу Наста. — Кажа, што яму складана канцэнтравацца, каб пісаць вялікія артыкулы, — шмат людзей. Але ён дакладна ў курсе таго, што адбываецца. І ён вельмі прасіў, каб яму пісалі шмат лістоў і інфармавалі пра жыцьцё на свабодзе. Для яго важна ведаць як мага больш, каб выйсьці і не адчуваць, што ты страціў частку жыцьця».

«Я перажыла гэтыя 8 месяцаў з адчуваньнем, што паміж мной і ім працягнутая нітачка ад сэрца да сэрца»

«Андрэю зараз будзе 44 гады, і больш за 20 зь іх ён у «Нашай ніве», яшчэ са студэнцкіх часоў. Гэта справа ягонага жыцьця«— апавядае пра свайго мужа Паўліна Скурко. Ён там ужо на ўсіх пасадах пасьпеў пабыць — і журналіста, і галоўнага рэдактара, і вось цяпер ён працаваў рэдактарам аддзелу рэклямы. Відаць, таму, што, калі адчуваў, што ёсьць патрэба «закрыць» нейкае месца, яго і займаў«.

Паўліна кажа, што пра тое, каб пакінуць краіну, у іх з мужам ніколі не было гаворкі.

«Па-першае, таму, што родныя застаюцца тут, тваё кола і твой горад. Я лічу гэта важным. Для Андрэя ж большую вартасьць мае ягоная вёска, якая, калі б ён зьехаў, засталася б без гаспадара. Там жылі яго дзед, прадзед, прапрадзед, таму гэта мае вялікае сымбалічнае значэньне і для яго. Такі прытулак душы. Аднак цяпер мне ўжо здаецца, каб толькі ў мяне быў Андрэй побач, я б жыла зь ім там, дзе прыйдзецца», — кажа жанчына.

Палітвязень Андрэй Скурко з жонкай Паўлінай і сынам Тамашам
Палітвязень Андрэй Скурко з жонкай Паўлінай і сынам Тамашам

Зьняволеньне мужа Паўліна ацэньвае як этап, які зрабіў іхную сувязь яшчэ мацнейшай.

«Мы жанатыя 9 з паловай гадоў, і гэта быў заўсёды цудоўны шлюб. Не было ў нас нейкіх крызісных пэрыядаў, — кажа яна. — А калі нарадзілася дзіця і калі Андрэй быў са мной на родах, я канчаткова адчула, што мы цалкам адно аднаму — надзейнае плячо. А ў цяперашняй сытуацыі ў нас утварылася такая ступень блізкасьці, якой раней не было ўвогуле».

Па яе словах, двухгадовы Тамаш расстаньне з татам перажывае досыць спакойна.

«Мы з Андрэем пра гэта перапісваліся, што калі гэта [затрыманьне] павінна было стацца, то добра, што адбылося цяпер, а не тады, калі б ён быў школьнікам, — тлумачыць Паўліна. — У тых выпадках значна большыя высілкі трэба рабіць, каб патлумачыць, куды дзеўся тата, што ён герой, і зьмірыць дзіця з гэтай страшнай сытуацыяй. У нас такога няма. Ён, мабыць, думае, што ва ўсіх так — тата прападае на нейкі час. Тамаш думае, што тата ў замку. І розныя былі моманты, што вось бабуля напрыклад, яму кажа: «Тамаш дома сьпіць, зайчык у лесе сьпіць». А ён: «Тата ў замку сьпіць».

Жонка палітвязьня Андрэя Скурко Паўліна з сынам Тамашам
Жонка палітвязьня Андрэя Скурко Паўліна з сынам Тамашам

У няволі Андрэй напісаў для сына нізку вершаў. Яна выйшла асобнай аўдыёкнігай, якую агучылі беларускія акторы.

Паўліна кажа, што каханьне дапамагае спраўляцца з жыцьцёвымі выпрабаваньнямі.

«Можа, і патасна гучыць, але гэта тое, што цяпер, у такі складаны час, дае мне сілы. Мы з Андрэем стараемся падтрымліваць адно аднаго ў лістах, я пішу яму пра ўсе хатнія справы, напрыклад якое Тамаш сказаў новае слова. Стараюся падтрымліваць нашу сувязь усімі магчымымі спосабамі — празь нейкія дробязі ў перадачах даваць знакі, якія ён дакладна зразумее. Мы працягваем быць сямʼёй і захоўваем нармальныя стасункі ў ненармальных умовах. Можа, менавіта тое, як мы цяпер праходзім усе цяжкасьці, акурат і натхняе, каб неяк выходзіць з гэтай сытуацыі».

Паўліна стараецца ня думаць пра суд, бо паўплываць на сам разгляд справы і ягоны вынік зараз немагчыма.

«Проста хачу пабыць у той момант побач з Андрэем. Мне вельмі ня хочацца трапляць у гэтую абстаноўку. Але я настроіла сябе так, што буду я і будзе ён. Я перажыла гэтыя 8 месяцаў з адчуваньнем, што паміж мной і ім працягнута нітачка ад сэрца да сэрца... І вось на гэтым судзе мы будзем значна бліжэй. І я ня буду зьвяртаць увагі на ўсе астатнія непрыемныя моманты», — кажа Паўліна.

«Такі цяпер шлях, і мы мусім яго прайсьці»

Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэклямы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры).

Шкоду, нібыта нанесеную «Менскэнэрга» і «Менскводаканалу», Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампэнсавалі ў поўным аб’ёме.

Дырэктарка «Нашай нівы» Наста Роўда кажа, што рэдакцыя і калегі гатовыя да рознага разьвіцьця падзей.

«Андрэй настроены пазытыўна, ён усё ўспрымае як часовыя нязручнасьці. Маўляў, такі цяпер шлях, і мы мусім яго прасьці, няма ў гэтым нічога страшнага. Ён лічыць, што калі мы справімся зь сёньняшнімі выпрабаваньнямі, то вытрымаем і ўсё іншае, што потым можа з намі адбыцца, — расказвае Наста. — Таму мы ідзём за ягонымі такімі настаўленьнямі, трымаемся. І спадзяёмся, што будзе ўсё не паводле самага горшага сцэнару. Ягор таксама мне ў лісьце нядаўна пісаў, што настрой у яго абсалютна нармальны, што таксама, як і мы, ні на што асабліва не спадзяецца, каб не было потым непрыемных сюрпрызаў».

Наста падкрэсьлівае, што ўсе калегі, сябры і знаёмыя моцна чакаюць найхутчэйшага вызваленьня Андрэя і Ягора, аднак ацэньваюць акалічнасьці «цьвяроза».

«Нам вельмі хацелася б, каб нашыя хлопцы выйшлі на свабоду, але да сёньня гэтага не адбылося. Вось ужо і суд, і будзе нейкае пакараньне. Аднак ніколі ня ведаеш, якія пляны ў нашых уладаў. Мы прымем рэальнасьць такой, якая яна будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG