У першы дзень датэрміновага галасаваньня ў кампаніі паўдзельнічалі, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, 6,19% выбарнікаў. Найбольшую яўку дэманструе Гомельская вобласьць — 8,75%. Абвяшчаюць, што на некаторых участках рэгіёну яўка за першы дзень склала 16%.
23 лютага Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла, што за два дні датэрміновага галасаваньня на рэфэрэндуме яўка грамадзян склала 14,53%.
Свабода паглядзела, як у рэгіёнах галасуюць датэрмінова. Газэта «Новае Палессе» (Жыткавічы) паведаміла, што за першы дзень у вёсцы Чырвонае прагаласавалі 110 чалавек, ці 16% выбарнікаў.
У Хільчыцах Жыткавіцкага раёну яўку забясьпечылі вайскоўцы, якія знаходзяцца непадалёк на вучэньнях.
Газэта «Зара над Сожам» (Карма) паведамляе, што чарга з ахвочых прагаласаваць стаяла яшчэ да адкрыцьця ўчастку. А з моманту адкрыцьця за 15 хвілін прагаласавалі 30 жыхароў Кармы — і гэта толькі на адным участку.
«Людзі ў выдатным настроі сьпяшаюццца выканаць свой грамадзянскі абавязак. Дух адзінства і сьвяточная атмасфэра — галоўныя спадарожнікі кожнага, хто галасуе», — піша выданьне.
У дзіцячым садку № 5 Лельчыцаў для агітацыі за рэфэрэндум выкарысталі дзяцей — выхавальніцы агітавалі за рэфэрэндум малымі дзецьмі. Яны разаслалі на падлозе чырвона-зялёныя сьцягі, на іх паклалі дзяцей і сфатаграфавалі.
Актывісткі Беларускага саюзу жанчын арганізавана прыйшлі на ўчастак у Карме. «Убраныя, прыгожыя, у добрым настроі мы выправіліся на ўчасткі», — далі справаздачу жанчыны.
«Петрыкаўскія навіны» паведамляюць, што ў першы дзень датэрміновага галасаваньня наведалі ўчасткі 30% калектыву тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня. «Актыўнаму ўдзелу кампаніі спрыяў асабісты прыклад дырэктара», — піша выданьне.
На адным з участкаў Чачэрску за першы дзень прагаласавалі 160 чалавек (у сьпісах — 1900).
Дружна і ў адзін дзень прагаласавалі прафсаюзныя работнікі ў Лельчыцах. «Мы гэта зрабілі ў першы дзень галасаваньня. Упэўненыя, што многія зробяць так, як мы», — выказалася прафсаюзная дзяячка.
У Гомлі студэнты ВНУ і навучэнцы каледжаў другі дзень праводзяць «флэшмоб» — шыхтуюцца ў форме «птушачкі».
У Жлобіне 23 лютага пройдзе канцэрт «у падтрымку рэфэрэндуму». Выступаць будуць Уладзімір Ухцінскі і гурт «СССР».