Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: на Дзядка ціснуць у калёніі; Кузьнечык даслаў верш; Івашына пакінулі пад вартай


СІЗА № 1 у Менску
СІЗА № 1 у Менску

На 23 лютага праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі 1078 чалавек.

Дзядку далі 7 дзён штрафнога ізалятару

Палітзьняволенага Мікалая Дзядка 22 лютага ў калёніі ў Горках наведала адвакатка. Ён расказаў, што з самага пачатку на яго ціснулі. Пра гэта паведаміў ягоны бацька Аляксандар Дзядок, якога цытуе газэта «Новы час».

«Ён прыбыў у калёнію 12 лютага, і адразу яму паспрабавалі даць так званую нізкастатусную працу — прыбіраньне месцаў, якія, паводле няпісаных законаў, прыбіраюць людзі з пэўным статусам.

Натуральна, ён ад гэтага адмовіўся, бо гэта аўтаматычна пераводзіла б яго ў той самы нізкі статус. І тут жа атрымаў 7 дзён штрафнога ізалятару, пазбаўленьне доўгатэрміновага спатканьня і зьмяншэньне „атаваркі“ да 2 базавых (сума, на якую можна купіць прадукты)».

Партрэт Міколы Дзядка
Партрэт Міколы Дзядка

Апроч таго, да Міколы Дзядка не даходзяць лісты ад людзей, якія не належаць да яго блізкіх сваякоў, і ад яго лісты таксама не выпускаюць.

З словаў Аляксандра Дзядка, са здароўем у Міколы нармальна, бо ёсьць сьвежае паветра і кормяць лепш, чым у магілёўскай турме.

«Ён бадзёры, цудоўна разумее, што гэтага варта было чакаць. Хаця, шчыра кажучы, ён чакаў, што будзе досыць спакойная абстаноўка. Але, відаць, ёсьць указаньне ціснуць на яго», — сказаў бацька палітвязьня.

Нагадаем, актывіст анархічнага руху, журналіст і блогер Мікалай Дзядок у лістападзе 2021 года быў асуджаны на 5 гадоў калёніі.

Журналіст Андрэй Кузьнечык напісаў верш пра незакончанае трываньне

Жонка журналіста Андрэя Кузьнечыка падзялілася лістом, які ён даслаў з-за кратаў.

Як прызнаецца Андрэй, вершыкі для дзяцей ён піша, каб нешта было напамінам пра тату, каб неяк паказаць сваю любоў і клопат, калі ня можаш прытуліць іх ці пабыць дзень разам, каб сувязь была зразумелая бяз словаў, піша «Наша ніва».

Андрэй Кузьнечык разам з жонкай Алесяй Рак
Андрэй Кузьнечык разам з жонкай Алесяй Рак

А гэтую «вершаваную калючку» ён дасылае, бо іншых навінаў і гісторыяў там не назьбіраеш.

Аканіцы заміраточылі
Пад напорам прыліву раньня,
Кожнай кропляй грыміць праточанай
Незакончанае трываньне.
Дол калодзежны рэзкім росчыркам
Перакрэсьліць шпакоў вяртаньне.
Крыку калівам, пстрыкам пошчаку
— Незакончанае трываньне.
Дражніць мур уяўленьнем далечы.
Цень — пацук шэры хвост хавае.
Трызьніць прышласьцю, дасынаючы
Незакончанае трываньне.

Просіць пісаць яму, хоць лісты і не заўсёды даходзяць, але некаторым шанцуе.

220030, СІЗА-1, Менск, вуліца Валадарскага, 2. Кузьнечыку Андрэю Аляксеевічу.

Журналіста Івашына пакінулі пад вартай

Кастрычніцкі суд Горадні 21 лютага адхіліў скаргу журналіста Дзяніса Івашына на зьмену меры стрыманьня, піша БАЖ.

«Асабліва гэта нічога не мяняе, наўрад ці, ва ўмовах адсутнасьці законаў, можна было разьлічваць, што ў асобнай Горадні стасоўна Дзяніса ў кагосьці з сыстэмы раптам прачнулася б сумленьне і прафэсійны гонар, — кажа Вольга Івашына, жонка журналіста.

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Журналіст Дзяніс Івашын за кратамі з 12 сакавіка 2021 году. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных справаў» (артыкул 365) і «здрада дзяржаве» (артыкул 356). Дзянісу пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

За 11 месяцаў зьняволеньня Дзяніс ня меў ніводнага спатканьня, 5 месяцаў ад яго няма лістоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG