Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ЗША ў Радзе Бясьпекі ААН: «У Масквы ёсьць прэтэнзіі на ўсе тэрыторыі Расейскай імпэрыі»


Лінда Томас-Грынфілд
Лінда Томас-Грынфілд

Пасяджэньне Рады бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый доўжылася 90 хвілін. Амэрыканская прадстаўніца назвала лухтой словы Пуціна пра міратворчую місію і паабяцала, што за 22 лютага Вашынгтон прыме чарговыя захады.

Прадстаўнікі Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Індыі, Ірляндыі, ААЭ, Кеніі і Ганы рашуча заклікалі да міру і дыпляматыі, каб прадухіліць вайну ва Ўкраіне, піша The Guardian.

Выступаючы на сэсіі, пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд паставіла пад сумнеў словы Пуціна аб тым, што расейскія войскі возьмуць на сябе «міратворчую» ролю ў Данецкім і Луганскім раёнах. Яна заявіла, што тэлевізійны выступ Пуціна, у якім ён аб’явіў аб прызнаньні незалежнасьці «ЛНР» і «ДНР», быў скіраваны на «стварэньне падставы для вайны».

Паводле амэрыканскай дыпляматкі, Пуцін «разарваў менскія пагадненьні на шматкі», а цяперашнія дзеяньні Масквы «яўна зьяўляюцца грунтам для таго, каб паспрабаваць стварыць падставу да далейшага ўварваньня ва Ўкраіну».

У адказ на ўказ прэзыдэнта Расеі аб уводзе расейскіх войскаў на падкантрольныя «ДНР» і «ЛНР» тэрыторыі прадстаўніца ЗША заявіла, што называць іх міратворцамі — «лухта», і ЗША ведаюць, хто гэтыя вайскоўцы насамрэч. Томас-Грынфілд дадала, што 22 лютага будуць новыя крокі Вашынгтону для «прыцягненьня Расеі да адказнасьці за відавочнае парушэньне міжнароднага права».

«У Масквы ёсьць прэтэнзіі на ўсе тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Той самай Расейскай імпэрыі, якая існавала да Савецкага Саюзу, больш за 100 гадоў таму. Гэта ўключае ўсю Ўкраіну, Фінляндыю, Беларусь, Грузію, Малдову, Казахстан, Кіргізстан і Таджыкістан, Туркмэнію і Ўзбэкістан, Літву, Латвію і Эстонію. Гэта ўключае часткі Польшчы і Турэччыны. Па сутнасьці, Пуцін хоча, каб сьвет адправіўся назад у мінуўшчыну, у часы, калі не існавала аб’яднаных нацый, у часы, калі сьветам кіравалі імпэрыі. Аднак астатні сьвет пайшоў наперад», — дадала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG