Справа зьявілася падчас расьсьледаваньня падзеяў 2020 году, паведаміў БелТА начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Сяргей Паско.
Адзначаецца, што СК прыйшоў да высновы аб наяўнасьці складу злачынства падчас аналізу фота-, відэа-, аўдыёзапісаў і дадзеных з інтэрнэту. Так, паводле Паско, высьветлілася, што шэраг беларускіх грамадзян «у 2020-2021 гадах, знаходзячыся на тэрыторыі Літвы і Польшчы, сыстэматычна набывалі наркатычныя сродкі і псыхатропныя рэчывы, у тым ліку асабліва небясьпечныя».
«Згаданыя асобы перамяшчалі і захоўвалі іх на тэрыторыі названых дзяржаў, ужывалі, а частку незаконна збывалі іншым асобам, у тым ліку замежным грамадзянам», — цытуе Паско дзяржагенцтва.
У выніку была заведзеная крымінальная справа, фігурантамі якой нібыта на гэты момант зьяўляюцца чатыры чалавекі.
Пры гэтым СК не раскрывае, у чым менавіта складаліся дзеяньні падазраваных і па якіх менавіта артыкулах крымінальнага заканадаўства Літвы і Польшчы яны могуць кваліфікавацца.