Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: 5 месяцаў няма лістоў ад журналіста Івашына, Белавус даслаў з-за кратаў новы верш


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле стану на 17 лютага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі 1062 чалавек. Свабода працягвае сачыць за лёсамі палітвязьняў.

Жонка Дзяніса Івашына: За 11 месяцаў ніводнага спатканьня

Вольга Івашына, жонка зьняволенага журналіста «Новага часу» Дзяніса Івашына, расказала «Радыё Рацыя», што ня бачыла мужа ўжо 11 месяцаў. Больш за тыдзень таму Вольга напісала чарговую заяву на спатканьне з мужам, але ёй зноў не далі дазволу.

«Гэта была мая заява. Спатканьне чарговае ўжо, там я ўжо ня ведаю колькі. Я яе дасылала разам са сваёй заявай пра тое, што я адмаўляюся даваць паказаньні. Паколькі мяне хацелі бачыць, я ім даслала гэтую заяву — адмову даваць паказаньні. Вырашыла, што чарговы раз напішу, папрашу ўбачыць Дзяніса. Але мне адказалі, што падстаў, як звычайна, няма», — кажа Вольга.

Ужо амаль 5 месяцаў Вольга не атрымлівае ад Дзяніса нават лістоў. Яна просіць паведамляць ёй у сацсетках пра тое, калі нехта лістуецца зь Дзянісам, і спадзяецца, што хоць некаму ўдалося прабіцца праз блякаду, якую стварылі журналісту сьледчыя органы.

Тэрмін утрыманьня пад вартай Эдуарда Бабарыкі працягнулі яшчэ на 2 месяцы

Пра гэта паведаміў афіцыйны канал Віктара Бабарыкі. Да 14 красавіка Эдуард будзе знаходзіцца ў менскім СІЗА, калі гэтае рашэньне не адменяць.

Павал Белавус даслаў з-за кратаў кранальны верш пра буслоў

Заснавальнік крамы Symbal.by і культурніцкі мэнэджар Павел Белавус просіць дзяліцца зь ім у лістах малюнкамі з адзінарогамі, каб дасылаць іх дачцэ. Таксама ў СІЗА ён напісаў новы верш.

«А можа ты ўмееш маляваць адзінарогаў, бо мая дачка іх вельмі любіць і я ўсіх прашу іх маляваць, і тут у турме, і ў лістах, каб потым даслаць ёй. Бо я малюю дрэнна, я толькі спрабую вершыкі пісаць лірычна-патрыятычныя. Вось, напрыклад, пра буслоў:

Мой родны кут — дай супэркрылы

Ляцець буслом за небасхілы,

Праз завірухі ды праз хмары,

Шукаць, згубіліся дзе мары.

Хто іх згубіў? Дзе заблукалі?

Куды зьляцелі? Што шукалі?

Буслы ня зьменяць накірунку.

Ляцяць! Ня просяць паратунку.

Лаві! Хапай чырвонай дзюбай,

Нясі дамоў — Радзіме любай,

Там недзе ёсьць і мая мара,

Вяртай, каб болей не зьнікала».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG