Кандыдатуру Бекмырадава прапанавалі падчас IV пазачарговага зьезду Аграрнай партыі Туркмэністану, за яго прагаласавалі аднагалосна. Агенцтва зазначае, што сябры партыі «падкрэсьлілі важнасьць выказанай кіраўніком дзяржавы на пасяджэньні парлямэнту ідэі аб вылучэньні маладых кіраўнікоў».
Выступаючы на зьездзе, Агаджан Бекмырадаў запэўніў, што разумее сур’ёзнасьць ускладзенай на яго адказнасьці і прыкладзе ўсе намаганьні, каб апраўдаць аказаны давер.
Бекмырадаў у 1995 годзе скончыў Туркмэнскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы інстытут па спэцыяльнасці «інжынэр-будаўнік».
Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ў Туркмэністане пачалася 14 лютага. Аб сваім рашэньні балятавацца ў прэзыдэнты Туркмэністану ўжо заявіў былы палітвязень Гельды Кярызаў. Апазыцыянэра, паводле яго, абурыла тое, што сын дзейнага кіраўніка дзяржавы Гурбангулы Бэрдымухамэдава «ў абсалютна дынастыйнай форме, як нашчадак фараонаў» будзе кіраваць краінай. Кярызаў не жыве ў Туркмэністане.
Датэрміновыя выбары прэзыдэнта Туркмэністана пройдуць 12 сакавіка. ЦВК абвясьціў аб гэтым пасьля таго, як Гурбангулы Бэрдымухамэдаў на пазачарговай сэсіі Народнай рады 11 лютага абʼявіў аб намеры даць «дарогу да дзяржаўнага кіраваньня» «маладым кіраўнікам». Тады ён намякнуў на тое, што ў яго занадта шмат адказных пасад.
Сэрдару Бердымухамэдаву ў верасьні мінулага года споўнілася 40 гадоў. Роўна год таму, 11 лютага 2021 года, адбыўся імклівы ўзьлёт палітычнай карʼеры Сэрдара, бацька прызначыў яго віцэ-прэмʼерам і на некалькі іншых ключавых пазіцыяў ва ўрадзе.