Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыйшоў час не рыхтаваць адказы на маніпуляцыйныя пытаньні Расеі». У Кіеве абмеркавалі прыярытэты дзейнасьці АБСЭ


Дзьмітро Кулеба і Зьбігнеў Раў
Дзьмітро Кулеба і Зьбігнеў Раў

Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў, які ў 2022 годзе старшынюе ў арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), заявіў аб неабходнасьці знайсьці супольнае для ўсіх краін рэгіёну рашэньне аб гарантаваньні бясьпекі.

«Мы занепакоеныя сытуацыяй бясьпекі ва Ўкраіне і навокал яе — і на Данбасе, і павелічэньнем расейскай прысутнасьці ўздоўж мяжы Ўкраіны і з боку Расеі, і з боку Беларусі. Як дзейны старшыня я забясьпечу падаўжэньне і буду стымуляваць дзяржавы АБСЭ шукаць супольныя рашэньні. І ў гэтым кантэксьце я на наступным тыдні лячу ў Маскву», — сказаў Зьбігнеў Раў 10 лютага на супольным зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам брыфінгу ў Кіеве.

У сваю чаргу Дзьмітро Кулеба падкрэсьліў, што для Ўкраіны ў дыялёгу АБСЭ аб пытаньнях бясьпекі ў Эўропе найбольш важнай тэмай зьяўляецца менавіта «ваенная бясьпека, мінімізацыя рызыкаў ваенных сутыкненьняў і павелічэньне празрыстасьці вайсковай актыўнасьці».

Паводле ўкраінскага міністра, фундамэнтам архітэктуры эўрапейскай бясьпекі зьяўляецца тое, як эўрапейцы будуць адказваць на спробы Расеі маніпуляваць прынцыпамі і нормамі АБСЭ.

«Найперш мова аб вядомым пытаньні, якое цяпер ставіць Расея ўсім дзяржавам АБСЭ: „Якім чынам яны плянуюць наладжваць сваю бясьпеку бяз шкоды для бясьпекі Расеі?“. Я нагадаю, што адзіная дзяржава АБСЭ, якая цяпер чыніць агрэсію супраць іншай дзяржавы АБСЭ, — гэта менавіта Расея. Менавіта таму прыйшоў час не рыхтаваць адказы на маніпуляцыйныя пытаньні Расеі, а запытаць у Расеі: як вы, Расея, якая чыніць агрэсію і эскалюе сытуацыю, плянуеце сваю бясьпеку, ня шкодзячы бясьпецы іншых дзяржаў?» — заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG