«Я падзякавала за непрызнаньне рэжыму Лукашэнкі, за падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Мы абмеркавалі праграмы дапамогі рэпрэсаваным, малому бізнэсу, стыпэндый для студэнтаў. Шмат якія беларусы знайшлі бясьпеку ў краінах Эўразьвязу, і мы працуем над тым, каб яны адчувалі сябе камфортна і ўпэўнена» — цытуе словы Ціханоўскай ейная прэс-служба.
Ціханоўская нагадала, што прайшло паўтара года пасьля выбараў-2020, якія, па яе словах, былі адзначаныя «змаганьнем беларусаў за сваю годнасьць, за справядлівасьць, за сумленныя выбары».
Сьвятлана Ціханоўская адзначыла незаконнасьць рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі і яшчэ раз выказалася за новыя сумленныя выбары.
На сустрэчы з дыпляматамі былі абмеркаваныя і сумесныя вучэньні, якія пачнуцца 10 лютага. Ціханоўская назвала іх «расейскімі вучэньнямі» і заявіла, што «рэжым спрабуе прывучыць беларусаў да думкі, што вайна непазьбежная».
«Я ўпэўненая, што дастаткова дыпляматычных сродкаў, каб вырашыць крызіс. І мы не дазволім рэжыму гандляваць беларускім сувэрэнітэтам», — працытавала Сьвятлану Ціханоўскую ейная прэс-служба.