Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ і БелАЗ выйшлі з заснавальнікаў сваіх украінскіх «дачок». Гэта дапамагае абыйсьці санкцыі


Ілюстрацыйнае фота. Менскі аўтамабільны завод
Ілюстрацыйнае фота. Менскі аўтамабільны завод

У гандлі Беларусі з Украінай найбольшую частку складаюць нафтапрадукты, угнаеньні і прадукцыя машынабудаваньня.

Летась у чэрвені Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да большасьці экспартэраў гэтай прадукцыі. У той жа час практычна ўсе яны некалі стваралі ва Ўкраіне свае даччыныя кампаніі або ўваходзілі ў склад заснавальнікаў дылераў сваёй прадукцыі.

Украіна, нягледзячы на заявы аб намеры далучыцца да эўрапейскіх санкцый, дагэтуль не ўхваліла адпаведнага рашэньня. І за гэты час Беларусь выкарыстала юрыдычныя магчымасьці, якія дазваляюць беларускім прадпрыемствам захаваць сваю прысутнасьць на ўкраінскім рынку.

Свабода прааналізавала, якія зьмены адбыліся сярод пастаўшчыкоў беларускай пасажырскай, грузавой і спэцыяльнай аўтатэхнікі.

Гандлёвы дом «МАЗ» працуе, аўтобусы пастаўляюцца

Менскі аўтамабільны завод выйшаў са складу заснавальнікаў і бэнэфіцыяраў украінскай кампаніі «Гандлёвы дом „МАЗ-Україна“», якая была зарэгістраваная 19 траўня 2010 году ў Кіеве.

Замест МАЗ у склад заснавальнікаў увайшлі ААТ «Менскі завод аўтаматычных ліній імя Пятра Машэрава (99% акцый) і жодзінскае ААТ «Кавальскі завод цяжкіх штамповак» (1% акцый), якое ўваходзіць у склад холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» разам зь Менскім аўтамабільным заводам.

Цяпер канчатковым бэнэфіцыярным уласьнікам украінскай дачкі «МАЗу», згодна зь Дзяржаўным рэестрам Украіны, зьяўляецца Дзяржаўны камітэт Беларусі па маёмасьці, бо менавіта ён уласьнік акцый двух новых заснавальнікаў украінскай кампаніі.

Асноўны від дзейнасьці «Гандлёвага дому „МАЗ-Україна“» застаўся ранейшы — продаж аўтамабіляў і лёгкіх маторных транспартных сродкаў.

Зьмена ўласьнікаў і бэнэфіцыяраў цяпер дазваляе гэтай кампаніі ўдзельнічаць у тэндэрах на пастаўкі пасажырскага, грузавога і спэцыяльнага аўтатранспарту, якія ажыцьцяўляюцца за кошт сродкаў дзяржаўнага і мясцовага бюджэту. Згодна з украінскім заканадаўствам кампанія, падаючы дакумэнты для ўдзелу ў тэндэры, мусіць абавязкова пазначыць, ці не зьяўляецца яна аб’ектам міжнародных санкцый. Як вядома, летась у чэрвені Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Менскага аўтамабільнага заводу.

Паводле фінансавай справаздачы за 2020 год (за 2021 год пакуль не зацьверджаная), «Гандлёвы дом „МАЗ-Україна“» атрымаў даход 1,6 мільярда грыўняў і 73 мільёны грыўняў чыстага прыбытку (адпаведна 57 і 2,5 мільёна даляраў у эквіваленце па курсе на канец 2020 году. — РС).

На афіцыйным сайце «Менскага аўтамабільнага заводу» цяпер няма інфармацыі аб дылерах ягонай прадукцыі ва Ўкраіне. Вядома, што адным зь іх дагэтуль зьяўляецца ўкраінская кампанія «АўтаМАЗ-Україна», заснавальнік якой — замежнае прыватнае прадпрыемства «ГЭС», зарэгістраванае ў Менску. Яго ўласьнік — грамадзянін Расеі Васіль Сьмятанін, які пражывае ў Маскве. Ён жа і бэнэфіцыярны ўласьнік украінскага прадпрыемства «АўтаМАЗ-Україна».

Менавіта гэтае прадпрыемства ўдзельнічае ў паўторным тэндэры на пастаўку аўтобусаў у Мікалаеў. Летась гарадзкія ўлады Мікалаева пасьля нарады ў Міністэрстве інфраструктуры Ўкраіны вымушаныя былі скасаваць вынікі тэндэру, у якім перамагло ўкраінскае ТАА «Сучасні вантажівки», таксама дылер МАЗу.

У студзені мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч паведаміў, што пераможцам, хутчэй за ўсё, стане пастаўшчык беларускіх аўтобусаў «АўтаМАЗ-Україна». Мясцовыя ўлады набываюць гэтую тэхніку за крэдыт Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку ў рамках рэалізацыі праграмы абнаўленьня гарадзкога грамадзкага транспарту. Кошт тэндэру — 4,5 мільёна эўра. Але банк пакуль не абвясьціў вынікі тэндэру.

БелАЗ — ня ўласьнік і не бэнэфіцыяр

«БелАЗ» пастаўляе сваю тэхніку ва Ўкраіну пераважна праз украінскую кампанію «Промагролізинг-Україна». Гэта ўкраінская дачка беларускага прадпрыемства «Прамагралізінг», асноўны акцыянэра якога — «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь».

Адначасова БелАЗ меў сэрвісную сетку для абслугоўваньня сваёй тэхнікі. Зь ліпеня беларускі холдынг выйшаў са складу заснавальнікаў і бэнэфіцыяраў найбуйнейшага ва Ўкраіне сэрвіснага цэнтру «Сервісний торгово-логістичний центр БЕЛАЗ УКРАЇНА», зарэгістраванага ў Крывым Розе Днепрапятроўскай вобласьці. Гэты цэнтар ня толькі надае сэрвіснае абслугоўваньне, але і мае права прадаваць тэхніку Беларускага аўтамабільнага заводу.

Цяпер Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зафіксавала зьмены складу заснавальнікаў гэтай кампаніі. Замест холдынгу «БелАЗ» ім стала ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу „Лідсельмаш“» (100% акцый). А бэнэфіцыярам стала Міністэрства прамысловасьці Беларусі, бо менавіта ў ягонай уласнасьці знаходзяцца акцыі «Лідсельмашу».

Паводле фінансавай справаздачнасьці, у 2020 годзе кампанія атрымала 492,6 мільёна грыўняў даходу і 70,7 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (у эквіваленце 17,5 і 2,5 мільёна даляраў адпаведна).

Таксама ў Крывым Рагу працуе яшчэ адна кампанія «ВОСТОК-БЕЛАЗ-СЕРВІС», якая займаецца продажам запчастак і рамонтам тэхнікі. Да ліпеня 2021 году яе бэнэфіцыярам і заснавальнікам таксама быў холдынг «БелАЗ», а цяпер — «Лідсельмаш».

Беларускія тралейбусы пастаўляюцца на поўдзень

У 2017 годзе беларускі завод «Белкамунмаш» зарэгістраваў ва Ўкраіне сваю дачку «БКМ-Україна». У дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў Украіны беларускае прадпрыемства дагэтуль лічыцца заснавальнікам (яму належыць 24,9% акцый), але канчатковым бэнэфіцыярам зь лістапада 2020 году запісаны грамадзянін Украіны Сяргей Мартыняк, уласьнік кампаніі «РІСТ-Н», другога заснавальніка «БКМ-Україна».

У той жа час у кампаніі зьняпраўджваюць зьмену ў складзе бэнэфіцыяраў, пераконваючы, што «Белкамуншмаш» па-ранейшаму застаецца адным з уласьнікаў. «Ніякіх зьменаў не адбылося», — сказаў Свабодзе адзін з мэнэджараў кампаніі «БКМ-Україна».

На афіцыйным сайце «Белкамунмаша» кампанія «БКМ-Україна» ў пераліку дылераў ня значыцца. Але ўкраінскі бок сьцьвярджае, што гэтая інфармацыя часова недаступная праз тэхнічны збой.

Летась «БКМ-Україна» выйграла два тэндэры на пастаўку беларускіх тралейбусаў. Іх увозяць ва Ўкраіну камплектамі і зьбіраюць на тэхнічных магутнасьцях у Луцку з выкарыстаньнем 25% украінскіх камплектуючых. Цягам 2022 году Хэрсон атрымае 42 беларускія тралейбусы (тры зь іх ужо перадалі гораду), і 20 тралейбусаў атрымае Мікалаеў.

Сёлета ва Ўкраіне ўхвалілі закон, які можа істотна абмежаваць магчымасьці ўдзелу беларускіх вытворцаў грузавога і пасажырскага транспарту ў тэндэрах па закупках за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Згодна зь ім у 2022 годзе ў тэндэрах вартасьцю больш за 200 тысячаў грыўняў (больш як 7 тысячаў даляраў у эквіваленце на сёньня. — РС) змогуць удзельнічаць толькі тыя вытворцы, якія гарантуюць у сваёй прадукцыі 10% украінскіх складнікаў.

Кожны наступны год ступень лякалізацыі (доля ўкраінскіх складнікаў у прадукцыі) павінна павялічвацца на 5%, а ў 2028 годзе павінна дасягнуць 40%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG