Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі горад Мікалаеў правядзе новы тэндэр на пастаўку аўтобусаў: МАЗ пад эўрапейскімі санкцыямі


Гарадзкія ўлады Мікалаева абвесьцяць новы тэндэр на закупку аўтобусаў на 4,5 мільёна эўра, выдаткаваных Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам у рамках рэалізацыі праграмы абнаўленьня грамадзкага транспарту.

Такое рашэньне мясцовыя ўлады вымушаныя былі ўхваліць па выніках нарады ў Міністэрстве інфраструктуры Ўкраіны, на якой абмяркоўвалася пытаньне аб рэалізацыі праектаў абнаўленьня пасажырскага транспарту пры ўдзеле фінансаваньня Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку.

У тэндэры на закупку аўтобусаў для Мікалаева ўдзельнічалі два прадпрыемствы — ТАА «Сучасні вантажівки» ды Чарнігаўскі аўтазавод. У чэрвені па выніках вывучэньня прапаноў пераможцам меліся абвясьціць першае прадпрыемства, якое зьяўляецца адным з дылераў тэхнікі Менскага аўтамабільнага заводу. Але вынікаў тэндэру не абвясьцілі, чакаючы цэнтралізаванага рашэньня ўладаў у сувязі з увядзеньнем санкцый супраць беларускага прадпрыемства.

«Праз санкцыі, накладзеныя Эўрапейскім Зьвязам на беларускія прадпрыемствы, ухвалена рашэньне абвясьціць новы тэндэр і запрасіць больш удзельнікаў», — паведамілі ў Мікалаўскай гарадзкой радзе.

Сёлета ў красавіку мэр Львова Андрэй Садавы заявіў пра намер правесьці новы тэндэр для вызначэньня іншага пастаўшчыка аўтобусаў, якія гарадзкія ўлады купляюць за грошы Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку. У канцы 2020 году яго выйграў Менскі аўтамабільны завод, які мусіў паставіць 100 аўтобусаў. Пасьля выбараў у Беларусі ўлада Львова не захацела такім чынам «фінансаваць рэжым».

Украінскі рынак для беларускіх вытворцаў пасажырскай, грузавой і спэцыяльнай тэхнікі быў ці не найбольшым сярод блізкіх суседзяў.

Дзякуючы дзяржаўнай праграме, зацьверджанай украінскім урадам для замены грамадзкага транспарту, у фінансаваньні якой былі задзейнічаныя і крэдыты двух эўрапейскіх банкаў, геаграфія беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў імкліва пашыралася з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень Украіны. Дылеры беларускай тэхнікі перамагалі на большасьці тэндэраў. Зьявіліся ва Ўкраіне і зборачныя вытворчасьці беларускіх тралейбусаў, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.

У грузавым транспарце Менскі аўтамабільны завод увогуле трымае траціну ўкраінскага рынку, апярэджваючы ўсясьветныя брэнды Mercedes-Benz, MAN, Scania, Ford Trucks, Volvo Trucks і ўкраінскі КрАЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG