Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 зубры прайшлі празь беларуска-польскую мяжу, дзе будуецца новая агароджа, якая выклікала пратэсты эколягаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Навукоўцы-эколягі з Польшчы і іншых краін патрабуюць спыніць будаўніцтва плота на мяжы зь Беларусьсю: на іх думку, гэта можа нанесьці непапраўную шкоду флёры і фаўне, асабліва ў Белавескай пушчы.

«Мы вітаем усіх зуброў, якія вырашаць вярнуцца зь Беларусі ў Польшчу, з распасьцёртымі абдымкамі і чакаем з салодкімі яблыкамі. Сёньня на польскі бок перайшлі яшчэ 4 зубры», — напісала польская Памежная служба 9 лютага ў Twitter.

З канца студзеня Польшча пачала будаваць плот на мяжы зь Беларусьсю. Улады краіны-суседкі мяркуюць пабудаваць сьцяну даўжынёй 186 кілямэтраў да чэрвеня 2022 году. Польскія ўлады мяркуюць, што плот абароніць іх ад нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі.

І беларускія, і польскія эколягі не ўхваляюць ідэю будаўніцтва плота. Яны сьцьвярджаюць, што плот стане перашкодай для натуральнай міграцыі жывёл, заблякуе міграцыю мядзьведзяў, зуброў, ваўкоў, аленяў і ласёў. «Калючка» паўзьверх плота будзе пагрозай для птушак. Зубры, напрыклад, ня здолеюць выкарыстаць выдатныя месцы для ацёлу, для кармавой базы, ня будзе абмену генамі. Паводле эколягаў, новы плот можа аказваць нэгатыўны ўплыў на папуляцыі жывёл і празь дзесяцігодзьдзі.

Праз калючы дрот на мяжы ўжо гінуць зьвяры. У студзені была зафіксаваная гібель як мінімум двух зуброў на мяжы з Польшчай. Спэцыялісты Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» лічаць, што зубры, якія загінулі, былі з папуляцыі на польскім баку пушчы. Статак увосень міграваў быў на Беларусь, а з наступленьнем халоднай пары вяртаўся ў Польшчу да месца зімовага прыкорму. На яго шляху стаў калючы дрот. Польскія актывісты сьцьвярджаюць, што ў пастку паміж дратамі трапіў статак з дваццаці зуброў.

Ужо амаль за 1700 навукоўцаў падпісалі зварот да Эўракамісіі на сайце naukadlaprzyrody.pl з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва агароджы.

Памежная служба Польшчы на гэта заявіла, што наўрад ці столькі зуброў можа быць у памежнай паласе — «мы б іх бачылі». «Калі зубры захочуць пранікнуць на тэрыторыю Польшчы — плот здымуць і ўпусьцяць зуброў», — паабяцалі польскія памежнікі.

UNESCO заявіла 28 студзеня, што Польшча мусіць адкласьці будоўлю 5-мэтровага плота да таго часу, пакуль улады ня здолеюць даказаць, што новабудоўля не перашкодзіць дзікай прыродзе. Эўрапейская камісія таксама заклікала правесьці належную ацэнку ўзьдзеяньня сьцяны на навакольнае асяродзьдзе.

Міністэрства клімату і навакольнага асяродзьдзя Польшчы заявіла, што закон аб памежнай сьцяне не патрабуе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе і што будзе пабудавана больш за 20 пераходаў для жывёл.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG