Нарымбая затрымалі наўпрост у аэрапорце адразу пасьля таго, як ён прайшоў пашпартны кантроль, паведамляе казаская служба Радыё Свабода.
Сустракаць Ярмэка Нарымбая ў аэрапорт прыехалі каля 50 чалавек, аднак паліцыя затрымала яго да таго, як мужчына выйшаў да прыхільнікаў.
У канцы студзеня Нарымбай напісаў у фэйсбуку аб тым, што хутка вернецца на радзіму, бо верыць у «дыялёг паміж уладай і грамадзтвам». Перад вылетам з Кіева ён выходзіў у жывы этэр. 51-гадовы актывіст дапускаў, што яго могуць затрымаць адразу ў аэрапорце. Пры гэтым ён сьцьвярджаў, што «саджаць яго» ўладам Казахстану нявыгадна з-за рэпутацыйных стратаў.
Ярмэк Нарымбай пасьля пратэстаў у 2010 годзе атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі, адбыў палову тэрміну. У кастрычніку 2015 году грамадзкія актывісты Ярмэк Нарымбай і Сэрыкжан Мамбэталін былі асуджаныя за рэпост урыўку з кнігі «Вецер з вуліцы». За «распальваньне варожасьці» Нарымбая асудзілі на 3 гады турмы.
Пазьней абодва актывісты апублікавалі лісты з раскаяньнем. Апэляцыйны суд замяніў Нарымбаю рэальны тэрмін на 3 гады абмежаваньня волі. У 2016 годзе Нарымбай пакінуў Казахстан, нягледзячы на забарону.
Сёньняшняе затрыманьне ў дэпартамэнце паліцыі Астаны патлумачылі парушэньнем правілаў абмежаваньня волі ў 2016 годзе. Палітычнага актывіста і блогера адправілі ў СІЗА.
Апазыцыянэр вырашыў вярнуцца ў Казахстан з Украіны пасьля студзеньскіх падзеяў у роднай краіне, калі масавыя пратэсты ў шэрагу гарадоў перарасьлі ў беспарадкі з чалавечымі ахвярамі. Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў пасьля здушэньня пратэстаў пры дапамозе АДКБ умацаваў асабістую ўладу — за кошт былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева і яго набліжаных. Пры гэтым Такаеў паабяцаў правесьці ў краіне рэформы.