Парлямэнт Чарнагорыі адправіў у адстаўку ўрад, які ўзначальвае Здраўка Крывакапіч, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода. Прэм’ер і большасьць міністраў падчас дэбатаў аб недаверы пакінулі залу пасяджэньняў.
За недавер уладам прагаласавалі 44 з 81 дэпутатаў. На асобнай сэсіі дэпутаты адпрэчылі прапанову ўраду спыніць паўнамоцтвы парлямэнту і такім чынам прывесьці да пазачарговых выбараў.
Уладная кааліцыя падчас фармаваньня ў пачатку сьнежня 2020 году атрымала падтрымку 41 дэпутата. Рэгіянальныя СМІ тады сьцьвярджалі, што стваральнікам кааліцыі быў мітрапаліт Сэрбскай праваслаўнай царквы Амфілохій, які памёр ад COVID-19 падчас дыскусіі аб яе фармаваньні. Царкоўны іерарх патрабаваў, каб ва ўрадзе былі толькі людзі, якія да гэтага часу не былі прафэсійнымі палітыкамі.
Пасьля аказалася, што адзіным агульным элемэнтам кааліцыі было імкненьне адхіліць ад улады прэзыдэнта Міла Джукановіча і Дэмакратычную партыю сацыялістаў, якую ён узначальваў, якая знаходзілася ва ўладзе з 1989 году. Палітыку ўраду раскрытыкавалі як прасэрбскія сілы, згуртаваныя вакол Дэмакратычнага фронту, так і партыі эўрапейскага кшталту, якія знаходзіліся ў складзе ўладнай на той час кааліцыі. Грамадзянскі рух «Ура» адмовіў Крывакапічу ў падтрымцы, калі ён звольніў міністраў замежных і ўнутраных спраў.
На сэсіі 3 лютага большасьць дэпутатаў адмовілася абмеркаваць прапанову Крывакапіча звольніць з пасады яго намесьніка Дрытана Абазовіча. Некаторыя аглядальнікі заяўляюць, што на палітычнай арэне ў Падгорыцы пануе хаос, паколькі супраць улады галасавалі перш за ўсё партыі, якія яе сфармавалі, таму да іх далучыліся іх апанэнты.
Пакуль невядома, ці будзе сфарміраваная новая кааліцыя, ці будзе размова аб назначэньні датэрміновых выбараў.