Міністэрства працы Беларусі расказала, як будзе працаваць добраахвотнае страхаваньне дадатковай назапашвальнай пэнсіі.
«Работнік заключае дамову са страхавой кампаніяй „Стравіта“, накіроўвае ў пэнсійныя назапашваньні ад 1 да 10% свайго заробку. Такі ж унёсак, але ня больш за 3%, робіць яго працадаўца. Пры гэтым для працадаўцы сувымерна зьніжаецца яго агульны ўнёсак на пэнсійнае страхаваньне. Гэта значыць дадатковай нагрузкі на прадпрыемства няма», — удакладняюць у Мінпрацы.
Пры гэтым работнік павінен будзе па-ранейшаму рабіць абавязковыя ўнёскі ў 1% ад заробку ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Для наймальніка, які цяпер адлічвае ў фонд 28% ад зарплаты работніка, зьнізяць гэтыя абавязковыя ўнёскі. Напрыклад, 3% сыдзе на добраахвотнае пэнсійнае страхаваньне работніка і 25% — у ФСАН.
У ведамстве ўдакладняюць, што кампанія «Стравіта», якая займаецца інвэставаньнем пэнсійных назапашваньняў, будзе плаціць чалавеку зь яго зьберажэньняў «другую» пэнсію — па выбары 5 або 10 гадоў пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту.
«Увядзеньне праграмы пашырыць для грамадзян магчымасьці сфармаваць дадатковыя зьберажэньні на старасьць. Акрамя таго, сродкі грамадзян, якія ўдзельнічаюць у новым страхаваньні, будуць задзейнічаныя ў разьвіцьці эканомікі (крыніца „доўгіх грошай“, унутраны інвэстыцыйны рэсурс). Цяпер вядзецца падрыхтоўка нарматыўных прававых актаў, неабходных для рэалізацыі ўказу», — тлумачаць у Мінпрацы.
У Мінпрацы раней скептычна выказваліся пра рэформу назапашвальнай пэнсійнай сыстэмы, якую ўвядуць з 1 кастрычніка 2022 году, адзначае Zerkalo.io.
«Калі ўводзіць абавязковае назапашваньне, мы павінны будзем задумацца аб увядзеньні дадатковага тарыфу, — тлумачыў раней намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валер Кавалькоў. — Сёньня Фонд сацыяльнай абароны для забесьпячэньня бягучых выплат ужо вымушаны прыцягваць сродкі рэспубліканскага бюджэту. Гэтыя 29% сёньня не пакрываюць выдаткі на выплату пэнсій, таму на накапленьні іх аддаць нельга. Нехта павінен будзе гэтыя грошы кампэнсаваць, а гэта зноў рэспубліканскі бюджэт. Працадаўцы будуць вельмі супраць павелічэньня дадатковага страхавога тарыфу, яны і так нэгатыўна ўспрымаюць гэтыя 28%. Работнікі да гэтага пакуль не гатовыя».
Цяпер чыноўнікі гавораць пра паэтапнае ўкараненьне назапашвальнай пэнсійнай сыстэмы. На першым этапе дадатковыя выдаткі на «другую» пэнсію хочуць падзяліць паміж работнікам і наймальнікам, апошняму пры гэтым — урэзаць абавязковыя ўнёскі. Далей узьнікае пытаньне, хто будзе кампэнсаваць выдаткі бюджэту. У гэтай сытуацыі ёсьць верагоднасьць, што на наступных этапах гэтыя выдаткі могуць перакласьці на работнікаў або наймальнікаў (або і на першых, і на другіх адначасова).