Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча вызвалілі пасьля закрытага суду. ФОТА


Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч на свабодзе
Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч на свабодзе

4 лютага ў судзе Савецкага раёну Менску агучылі вырак бізнэсоўцу Аляксандру Васілевічу, якога абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў»).

Судзьдзя Марына Фёдарава прысудзіла яму тры годы калёніі агульнага рэжыму, Васілевіча вызвалілі ў залі суду ў сувязі з заканчэньнем тэрміну прыцягненьня да адказнасьці. Ён адседзеў паўтара года ў СІЗА.

Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч на свабодзе
Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч на свабодзе
Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч на свабодзе
Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч на свабодзе

Суд у справе Васілевіча быў закрытым, падрабязнасьці дагэтуль невядомыя.

«На моманце выраку суда нехта заплакаў»


Як сустракалі бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча на волі распавядае блёг «Отражение». Судзьдзя абвесьціла, што яго вызваляюць, вось як апісвае гэты момант адзін з прысутных у залі суда:

«Калі яму абвясьцілі [прысуд] — тры гады калёніі, я адразу стаў лічыць у галаве, колькі ён ужо адбыў. А потым гавораць, што вызваляюць у зале суда... Усё, што казалі далей, я ўжо не слухаў. На гэтым моманце нехта заплакаў, ва ўсіх былі моцныя эмоцыі, людзі радаваліся. Я таксама быў вельмі ўзрадаваны», — распавядае Уладзімір, знаёмы Аляксандра Васілевіча.

Разам яны адбывалі адміністратыўны арышт у 2020 годзе і тады марылі аб каве па вызваленьні.

«Мы сядзелі ў адной камэры. Нашы сукамернікі п’яніцы марылі выйсьці і выпіць, а мы з Сашам марылі пра каву. Кава тады хацелася варʼяцкі моцна. І ён казаў: „Усё, як выйдзем, зойдзем адразу ў першы бар і замовім эспрэса“.

Я падтрымліваў — падвойны. Вось так мы марылі пра два падвойныя эспрэса. Потым, калі ён ужо быў у СІЗА, часта ў нашай перапісцы аб гэтым гаварылі. Я пісаў яму, што эспрэса ўжо замерз і час выходзіць», — згадвае знаёмы Аляксандра.
Агулам Аляксандра Васілевіча сустракалі каля 30 чалавек.

«Былі моцныя эмоцыі. Саша падзякаваў усім, што прыйшлі. Але чалавек жа доўга ў зьняволеньні, таму бачна было, што разам з радасьцю ў яго ёсьць крыху разгубленасьці», — распавёў знаёмы Аляксандра.

27 жніўня 2020 году супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю правялі ператрусы ў офісе агенцтва Vondel/Hepta, якім валодае Васілевіч. Ператрус прайшоў і ў яго дома. Пасьля гэтага бізнэсмэна адвезьлі на допыт у ДФР. Пазьней ягоная жонка Надзея Зелянкова паведаміла, што муж затрыманы.
Крымінальная справа Васілевіча разглядалася ў закрытым рэжыме па хадайніцтве пракурора.

4 лютага бізнэсмэна прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў (ч.2 арт. 243 КК) і прызначылі тры гады калёніі агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў зале суду ў сувязі са сканчэньнем тэрміну прыцягненьня да адказнасьці.

Аляксандар Васілевіч на волі
Аляксандар Васілевіч на волі
  • Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік вядомых онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва Vondel/Hepta і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў».
  • 28 ліпеня 2020 году Васілевіча затрымалі міліцыянты ў будынку КДБ, куды ён разам зь іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Яго асудзілі на 14 дзён арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным сходзе.
  • 28 жніўня 2020 году Васілевіча зноў затрымалі, гэтым разам прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.
  • 4 верасьня 2020 году Васілевічу выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу. Дакладны склад і колькасьць артыкулаў абвінавачаньня былі невядомыя да суду з прычыны падпіскі аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва. У якасьці падазраванай у крымінальнай справе лічыцца і ягоная жонка Надзея Зелянкова.
  • Увесь гэты час Васілевіча ўтрымлівалі ў менскім СІЗА № 1. Там яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і паставілі на прафіляктычны ўлік. Яму шмат разоў падаўжалі тэрмін утрыманьня пад вартай. 7 верасьня 2020 году праваабаронцы прызналі Аляксандра Васілевіча палітычным зьняволеным.
  • Акрамя бізнэсу, Аляксандар Васілевіч займаецца яшчэ і пісьменьніцкай дзейнасьцю. Пакуль Аляксандар быў пад вартай, 2 сьнежня 2020 году ў яго нарадзілася дачка Ўршуля. Для яе і першай дачкі Адэлі палітзьняволены пісаў і дасылаў казкі. Дзевяць зь іх жонка Надзея Зелянкова выклала ў інтэрнэце электроннай кніжкай пад назвай «Папа и пингвин».
  • У лістападзе 2021 году Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтар прысудзілі Васілевічу прэмію імя Францішка Аляхновіча, якая ўручаецца за літаратуру, што базуецца на асабістым турэмным досьведзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG