Пра гэта Дарʼя Лосік паведамілаў сваіх сацыяльных сетках. Яна адзначыла, што звольнілася з працы па ўласным жаданьні, не чакаючы, «пакуль яе папросяць».
Дарʼя Лосік працавала эканамістам у Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы амаль 6 гадоў. Мела дачыненьне з гарадзкім бюджэтам, які выдзялялі паліклініцы.
«І тут гаворка нават ня толькі пра звальненьне праз маю актыўную пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму, а пра звальненьне ў выніку падставы, якая зь лёгкасьцю магла адбыцца. У верасьні 2018 году такі выпадак ужо быў, калі з усіх арганізацый аховы здароўя гораду Дзяржкантроль правяраў толькі чатыры мае. Супадзеньне? Ня думаю», — напісала Дарʼя.
Яна дадала, што калі напісала заяву на звальненьне, толькі тады ейная начальніца запыталася, ці не патрэбна ёй нейкая дапамога,— праз паўтара года зняволеньня мужа. Дар'я палічыла такую прапанову цынічнай.
На разьвітаньне Дарʼя Лосік пажадала сваім калегам быць сьмелымі.
Мужа Дар'і Лосік блогера і журналіста Свабоды Ігара Лосіка асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Выданьне «Наша ніва» прызнала Дар'ю Лосік Асобай 2021 году.