Цэнтравыбаркам Беларусі мае тэлеграм-канал, дзе публікуе навіны пра будучы рэфэрэндум. Адміністратары каналаў могуць самі абіраць рэакцыі на свае пасты, напрыклад, «захапленьне», «агонь», «сэрцайка» ды іншыя.
У тэлеграм-канале Цэнтравыбаркаму на навіны стаяць толькі пазытыўныя варыянты рэакцый. Але што рабіць, калі навіны пазытыву не выклікаюць? Блогер Антон Матолька прапанаваў ставіць «захапленьне» на ўсе пасты Цэнтравыбаркаму, каб хоць так выказаць нязгоду з навінамі ды з будучым рэфэрэндумам.
Гэты варыянт рэакцыі тут жа стаў адным з самых папулярных у канале, на адну навіну такую рэакцыю паставілі больш за 1200 чалавек. Калі Цэнтравыбаркам адключыў гэтую рэакцыю, людзі пачалі ставіць у наступнай навіне рэакцыю «агонь», а СМІ і блогеры зьвярнулі ўвагу, што рэакцыю «захапленьне» адключылі.
Цэнтравыбаркам урэшце вярнуў назад рэакцыю «захапленьне», і яна цяпер самая папулярная ў канале. А вось нэгатыўных рэакцый, як гэта прынята ў іншых каналах, так і не зьявілася.