Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады дапоўнілі сьпіс сацыяльна значных тавараў са зьніжкамі. Хто і дзе іх можа атрымаць


Улады дапоўнілі сьпіс сацыяльна значных тавараў і сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва, якім буйныя гандлёвыя сеткі будуць даваць зьніжкі на гэтыя тавары.

Як паведамляе МАРГ, паводле дадатковага пагадненьня з Асацыяцыяй розьнічных сетак, зьніжкі ў 10% для сацыяльна неабароненых групаў насельніцтва будуць распаўсюджвацца таксама на гародніну і яблыкі.

Акрамя гэтага, чыноўнікі дадаткова прапісалі, што зьніжку могуць атрымаць і людзі з інваліднасьцю.

Пасьля таго, як улады ўвялі рэгуляваньне цэнаў на беларускую гародніну і яблыкі, яны «выпалі» зь ліку сацыяльна значных тавараў. Цяпер тавары зноў вярнулі ў гэты пералік, і гандлёвым сеткам у некаторых выпадках давядзецца двойчы даць зьніжкі на гэтыя тавары — зьнізіць цэны для ўсіх пакупнікоў, а сацыяльна ўразьлівым групам насельніцтва даць дадатковую зьніжку.

З 17 студзеня гандлёвыя сеткі на «просьбу» чыноўнікаў увялі адмысловую зьніжку ў 10% на некаторыя сацыяльна значныя тавары для ўразьлівых катэгорый насельніцтва. Яе могуць атрымаць у тым ліку пэнсіянэры, шматдзетныя сем’і, малазабясьпечаныя.

Пагадненьне аб новай сыстэме зьніжак падпісалі 16 гандлёвых кампаній, а гэта палова ўсяго рынку раздробнага гандлю. Сярод іх

  • «Санта Рытэйл»,
  • «Эўрагандаль»,
  • «Капеечка»,
  • «Дабраном»,
  • «Віталюр»,
  • «БелМаркетКомпані»,
  • «Гіпа»,
  • «Суседзі».

Каб паўдзельнічаць у праграме зьніжак, трэба аформіць карту ляяльнасьці або памяняць статус на «сацыяльны», калі такая карта ўжо аформленая. Пры гэтым 10% зьніжкі на тавары зь пераліку сацыяльна значных ня будуць сумавацца ў крамах зь іншымі зьніжкамі. Існуе таксама максымальная сума, на якую можна купіць «танныя» тавары.

У гандлёвых сетках адзначылі, што ў выпадку, калі памер зьніжкі на пэўны тавар па карце ляяльнасьці вышэйшы за гандлёвую надбаўку, яна будзе дадзена толькі ў памеры гандлёвай надбаўкі — таньней за сабекошт тавар купіць не атрымаецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG